У Лукашэнкі з Пуціным праблемаў няма. Але ён толькі пра іх і кажа


Дзяржаўныя інфармацыйныя агенцтвы не спяшаюцца распавесці пра вынікі сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ў Сочы – ужо другой за два месяцы. Ці азначае гэта, што вынікаў няма? І што з такою настойлівасцю абмяркоўваюць кіраўнікі Расеі і Беларусі? Ацэнкамі з Аляксандрам Папком дзеляцца эксперты з Менску і Масквы.

Новых праблемаў не дадалося – і тое добра. У такім духу пракаментаваў сустрэчу з Уладзімірам Пуціным Аляксандр Лукашэнка. У Сочы кіраўнікі Беларусі і Расеі не прадэманстравалі ані радасных абдымкаў, ані пераможных заяваў.

«Я б не сказаў, што ў нас назапашваюцца праблемы. У нас ёсць праблемы, якія развязваюцца хутка і якія доўга не развязваюцца, але новыя праблемы, на шчасце, не з’яўляюцца, як я прааналізаваў за апошні час», – заявіў Лукашэнка.

Пры гэтым слова «праблемы» ў кароткай заяве для прэсы Лукашэнка паўтарыў ажно 7 разоў. Новых не дадалося, але і старых балючых кропак спіс немаленькі – у ім і падатковы манеўр Крамля, які зробіць расейскую нафту даражэйшаю, і малочныя войны, і праезд замежнікаў праз беларуска-расейскую мяжу.

«А таксама новы гандлёва-эканамічны крызіс у стасунках з Расеяй, звязаны з абмежаваннем паставак нафтапрадуктаў», – кажа Арсень Сівіцкі з Цэнтру стратэгічных і вонкавапалітычных даследаванняў.

Масква абвінавачвае Менск у рээкспарце нафтапрадуктаў, вырабленых з ільготнага чорнага золата з-за ўсходняе мяжы. Ужо ў кастрычніку Расея плануе істотна скараціць пастаўкі энергарэсурсаў у Беларусь.

«Расея цяпер у цяжкім паслясанкцыйным становішчы. Пуцін абʼявіў цэлы камплект новых рэформаў і нацыянальных праграмаў, якія патрабуюць істотных сродкаў. Таму патрабаванні Менску сталі «падвісаць», – кажа палітолаг Андрэй Суздальцаў.

Дастаецца апошнім часам Лукашэнку і ад пракрамлёўскіх медыяў. То папракнуць кіраўніка Беларусі ў нежаданні зацвярджаць кандыдатуру новага расейскага пасла. То распаўсюдзяць чуткі пра адмову Масквы выдаваць крэдыт і нават пра інсульт Лукашэнкі.

«У разуменні беларускай аналітыкі і дыпламатыі той перыяд, калі Расея – у вострым супрацьстаянні з Захадам, гэта самы ўдалы момант, каб патрабаваць ад Расеі дадатковых прэферэнцыяў», – дадае Андрэй Суздальцаў.

Зрэшты, і Лукашэнка не адмоўчваецца. То назаве расейцаў варварамі, то абвінаваціць Маскву ў жаданні зрабіць Менск сваім васалам.

«Мы заціснутыя з Захаду і мы заціснутыя, на жаль, з Усходу – нашым старэйшым братам, які паводзіць сябе ў канкурэнцыі нядобрасумленна», – казаў Лукашэнка.

Пры гэтым абодвум бакам моцна залежыць адзін на адным. Менску патрэбныя расейскія крэдыты і танныя энерганосьбіты. Маскве не хочацца губляць свайго аднаго з нешматлікіх палітычных хаўруснікаў. Але дзе тады тая братэрская любоў, пра якую гэтак шмат гавораць абодва бакі? Вядомы аматар спорту, гэтым разам Лукашэнка нават не застаўся на турнір па баявым самба ў Сочы, які планаваў наведаць разам з Пуціным. Выглядае, што апошні сочынскі нефармальны саміт скончыўся нічым. Чакаем наступнага.

Аляксандр Папко, «Белсат»