У Лукашэнкі новыя сябры: Эквадор

Скончыўся афіцыйны візіт міністра замежных справаў Эквадору ў Беларусь, у межах якога яна сустрэлася з кіраўніком краіны. Што насамрэч уяўляе з сябе сяброўства Эквадору і Беларусі?

Як у сучасным свеце знайсці партнёра, на якога можна было б абаперціся? Аляксандр Лукашэнка лічыць, што «звычайна: гэта самыя блізкія дзяржавы».

«Дык вось у Лацінскай Амерыцы ў нас Эквадор такая дзяржава», – заяўляў кіраўнік Беларусі.

Да блізкай дзяржавы ад Беларусі – больш за 11 тысячаў кіламетраў, але адлегласць – не перашкода для цеснай супрацы. Летась таваразварот паміж дзвюма краінамі павялічыўся амаль удвая ды склаў амаль $ 112 млн. Экспартуем у асноўным калійныя ды азотныя ўгнаенні, закупаем – зрэзаныя кветкі, бутоны і бананы.

«Гэта дае Беларусі, у тым ліку ў патэнцыяле, выйсці на лацінаамерыканскі рэгіён. Некаторыя стартавыя пазіцыі – добрыя яны там будуць ці не – усё ж такі ў нас будуць. Ізноў такі ў нас будуць пэўныя веды, пэўны досвед стасункаў з лацінаамерыканцамі», – лічыць адмысловец у нееўрапейскіх цывілізацыях Яўген Красулін.

Сябруе Аляксандр Лукашэнка не толькі з дзяржавамі Лацінскай Амерыкі. Найбліжэйшы сябар Беларусі – ледзь не кожная краіна, з прадстаўнікамі якой сустракаецца кіраўнік дзяржавы.

Пра блізкасць, каханне і «стратэгічны ўзровень супрацы» Лукашэнка казаў кітайскаму амбасадару, сербскаму прэзідэнту, кіраўніку Малдовы і новаму прэм’еру Арменіі Ніколу Пашыньяну.

Сяброўства ж з якой краінай для Беларусі было б найбольш карысным? Бальшыня апытаных намі жыхароў Менску схілілася да таго, што з Кітаем.

Як зазначаюць эксперты, Эквадор патрэбны Беларусі ў першую чаргу як маральнае падтрыманне, аддзячыць за якое ўлады спрабуюць шырокімі ўсмешкамі, абдымкамі ды цёплымі словамі.

Але заўжды можна і наведаць маленькую кантрасную краіну. Пашукаць, як у той песні пяецца, чароўных гукаў. Наяўнасці візы для беларусаў Эквадор не патрабуе.

Сцяпан Святлоў; фота – прэсавая служба кіраўніка Беларусі

Глядзі таксама