У Лідскім раёне могуць знішчыць браму Радзівілаў


Ці шмат у краіне архітэктурных помнікаў 18-га стагоддзя і ці варта ад аднаго пазбавіцца? У Лідскім раёне могуць знесці рэшткі комплексу, у якім Радзівілы планавалі зрабіць сваю рэзідэнцыю. Эксперты раяць: захаваць магчыма, але выключна сваймі сіламі і намаганнямі.

Вайна з Напалеонам. Першая і другая сусветныя. Арка Радзівілаў у Лідскім раёне, здавалася б, бачыла ўсё, але гэтак і не зрабілася архітэктурнаю спадчынаю.

Брама Радзівілаў і два флігелі былі пабудаваныя на Гарадзеншчыне паміж вёскамі Вялікае Сяло і Жырмуны ў 18-ым стагоддзі. Нават цяпер у аварыйным стане будынкі ўражваюць.

Мясцовыя жыхары кажуць:

«Так, яна пакрысе асыпаецца, але няхай бы была. Вось цікава, прыязджае моладзь і там робяць здымкі, атрымліваецца сапраўды прыгожа».

«Рэстаўраваць ніхто не будзе, а летам прыязджаюць дзеці, едуць на возера, гэта вельмі небяспечна, на сёння, я думаю, гэта не актуальна, пакінуць яе, гэта проста будзе далей развальвацца».

Рэканструяваць трэба было 20 гадоў таму, кажуць мясцовыя жыхары. Паводле экспертных ацэнак, аварыйныя працы ды кансервацыя аб’екту можа каштаваць да 50-ці тысяч долараў. Але Крупаўскі сельсавет не ў стане нават дарогі пабудаваць, зазначаюць мясцовыя. Менавіта таму з’явілася самая простая прапанова знесці архітэктурны ансамбль трохсотгадовае даўніны.

«Тут праблема ў тым, што нейкіх заканадаўчых рычагоў уздзеяння не знойдзеш, нельга прымусіць ахоўваць. І тут ёсць праблема спадчыны малой радзімы. Каштоўнасць можа быць каштоўная толькі тады, калі, прабачце за таўталогію, яна каштоўная для самых жыхароў», – распавядае прадстаўнік грамадскага аб’яднання «Гісторыка» Таццяна Пятрова.

Такіх аб’ектаў, якія могуць уяўляць гістарычную каштоўнасць, у кожным раёне можна знайсці з дзясятак, адзначае суразмоўца «Белсату». На жаль, цяпер сітуацыя выглядае такім чынам, што прынцыпова змяніць лёс спадчыны Радзівілаў здолее толькі грамадзянская супольнасць.

«Ёсць добры прыклад з капліцаю Рэйтанаў, калі ён робіцца цалкам намаганнямі валанцёраў, спонсараў, і тут можна паспрабаваць такім самым чынам. Калі напісаць да таго самага Змітра Юркевіча, ён таксама дасць адпаведную кансультацыю», – кажа Таццяна Пятрова.

У мясцовым сельсавеце на просьбу «Белсату» распавесці пра далейшыя планы ў справе будучыні брамы ад каментароў катэгарычна адмовіліся. Паводле мясцовых медыяў, пытанне спадчыны Радзівілаў разгледзяць падчас бліжэйшай нарады Лідскага райвыканкаму. Але ўражанне, што спадчыну не хочуць бараніць ані мясцовыя жыхары, ані ўлады.

Аркадзь Несцярэнка, belsat.eu