У Курапатах усталявалі яшчэ 8 крыжоў


Актывісты ўсталявалі восем крыжоў ахвярам рэпрэсіяў: навукоўцам, святарам, сялянам, пісьменнікам. Бо не было ў Беларусі тых, каго б не закранула трагедыя.

«Усім нашым вялікім людзям, беларусам, якія аддалі жыццё за бацькаўшчыну. Сёння будуць усталяваныя крыжы Яну Пазняку і Тодару Кляшторнаму», – кажа адказны сакратар КХП-БНФ Алесь Чахольскі.

Публіцыста і грамадскага дзеяча Яна Пазняка, імаверна, расстралялі ў Менску энкавэдысты ў 40-ым годзе, паэта Тодара Кляшторнага – трыма гадамі раней. Падтрыманне і развіццё Курапатаў цягам вось ужо 30 гадоў застаецца ініцыятываю прадстаўнікоў апазіцыі ды актывістаў. Але сёлета ва ўрочышча на суботнікі пачалі прыязджаць і чальцы праўладных арганізацыяў.

«Калі нельга забараніць, нельга знішчыць, як яны рабілі ўсе гэтыя гады, то трэба ўзначаліць. Трэба прывесці сюды Белую Русь, БРСМ», – прапануе намеснік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі.

Але хоць бы так, нават прывезеныя паводле разнарадкі, адзначае Юрась Беленькі, маладыя людзі могуць даведацца пра гэтае месца трагедыі.

«Многія нават у сталіцы, дзе Курапаты знаходзяцца, не ведаюць гэтага слова. Гэта вынік гэтай рэжымнай прапаганды», – мяркуе сакратар КХП-БНФ Валеры Буйвал.

Трагічныя месцы, якія нагадваюць пра злачынствы сталінскіх часоў, раскіданыя па ўсёй краіне. На пясчаным карʼеры на праспекце Дзмітрыева ў Магілёве ўсталяваны крыж. Тут у 1987 годзе раскапалі масавае пахаванне – каля ста шкілетаў.

«Фактычна з 18-га, 19-га гадоў, то бок адразу пасля рэвалюцыі камуністы пачалі знішчаць духавенства. Праваслаўныя і каталіцкія святары былі забітыя ды пахаваныя ў гэтым карʼеры», – кажа прадстаўнік БНФ Віталь Макаранка.

Пры гэтым у гісторыі рэпрэсіяў застаецца шмат цёмных плямаў, на якія даследнікі пакуль не маюць адказаў.

«Ёсць у Магілёве месца, дзе знаходзілася гэтак званая ўнутраная турма, дзе ў свой час у адну ноч было забіта больш за 130 чалавек. Ніхто не ведае, дзе гэтыя людзі і хто гэтыя людзі ўвогуле», – адзначае магілёўскі актывіст Алег Аксёнаў.

І памяці нашчадкаў заслугоўваюць нават безыменныя ахвяры. Менавіта таму заўтра, напярэдадні дзяржаўнага святкавання Кастрычніцкай рэвалюцыі, актывісты пройдуць традыцыйным жалобным шэсцем з цэнтру сталіцы ў Курапаты.

Таццяна Рэут, «Белсат»