У калоніях Беларусі застаўся апошні палітвязень


Такое – толькі на менскім пероне: балонікі, камеры, пасажыр – у спецадзенні вязняў калоніі. Пасля першых абдымкаў Зміцер Паліенка дэманструе бірку, з якой жыў апошнія паўтара года: «Экстрэмізм, дэструктыўная дзейнасць».

Апошняе зняволенне Змітра звязанае са справаю двухгадовай даўніны. Тады Паліенка браў удзел у акцыі раварыстаў «Крытычная маса». Але на змаганне за велаінфраструктуру ў горадзе супрацоўнікі міліцыі адрэагавалі ґвалтам і жорсткім разгонам – нечакана нават для паліцэйскай Беларусі.

Затрымалі 6 чалавек, Паліенку абвінавацілі ў ґвалце датычна сілавікоў. Пасля паўгода следства і перабывання ў следчым ізалятары актывісту замянілі артыкул на «выраб і распаўсюд парнаграфіі», а суд даў два гады ўмоўна з адтэрмінаваннем ды выпусціў Паліенку на волю. Сябра і паплечнік Змітра Вячаслаў Касінераў расказвае:

«Рэпрэсіі гэтай сістэмы нічога не змяняць. Яны зробяць нас толькі больш злымі, больш упэўненымі ў сабе».

Паплечнік Змітра ведае, што кажа. Пасля вызвалення Паліенка не спыніў грамадскай дзейнасці, а суды – караць яго паводле адміністратыўных артыкулаў: ці то за акцыю супраць выразання дрэваў, ці то супраць будаўніцтва офісаў у Курапатах. У выніку суд адмяніў адтэрмінаванне і накіраваў у бабруйскую калонію – на паўтара года.

«Больш быў ціск маральны. Калі хтосьці са мной, да прыкладу, размаўляе, то пасля былі праблемы з аператыўнікамі», – распавядае ўжо былы палітвязень Зміцер Паліенка.

Пасля выхаду Змітра Паліенкі з калоніі ў Беларусі застаўся яшчэ адзін вязень, якога праваабаронцы прызналі палітычным. Гэта Міхаіл Жамчужны.

Алесь Залеўскі, belsat.eu