У ЕАЭС дамовіліся аб агульным электраэнергетычным рынку


Гэта адзін з вынікаў саміту дзяржаваў ЕАЭС, які прайшоў у Казахстане. Лукашэнка і Пуцін жа – гэтак і не абмеркавалі магчымасць пастаўкі казахстанскай нафты ў Беларусь, але абмеркавалі пытанні інтэграцыі ў гэтак званай Саюзнай дзяржаве.

Больш канкурэнцыі – таннейшыя кошты. Прынамсі ў тэорыі. Кіраўнікі краінаў Еўразійскага эканамічнага саюзу падпісалі пратакол, які прадугледжвае:

«Стварэнне абсалютна свабоднага рынку гандлю электраэнергіяй, як гэта адбываецца ў Еўразвязе. Іншымі словамі, беларускае прадпрыемства зможа закупіць электраэнергію там, дзе яна найтаннейшая, напрыклад, у Расеі», – кажа эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч.

І працягвае, што ў рэальнасці такое наступіць яшчэ няхутка. Падпісаны пратакол прадугледжвае два этапы. І, згодна з гэтым, да 2025 года, пакуль у ЕАЭС не ўвядуць агульнага рынку газу, улады Беларусі маюць права вызначаць, хто канкрэтна зможа набываць энергію ў іншых чальцоў саюзу.

«Хутчэй за ўсё проста «Белэнерга» стане адзіным аператарам, якому будзе дазволена купляць электраэнергію ў Расеі. Ён далей будзе распаўсюджваць яе гэтаксама, як і дагэтуль», – мяркуе Станіслаў Івашкевіч.

У перспектыве ж і электраэнергія, і газ могуць стаць таннейшыя для беларускіх спажыўцоў. Але палітычная цана за такія зніжкі можа аказацца значна вышэйшая.

«Перакананы, што агульнымі намаганнямі нам удасца зрэалізаваць усе закладзеныя ў ім пасылы і дамагчыся ўмацавання еўразійскай інтэграцыі. Той інтэграцыі, да якой мы ўсе з вамі імкнёмся», – заявіў Аляксандр Лукашэнка на паседжанні Вышэйшай еўразійскай эканамічнай рады.

Да інтэграцыі імкнуцца, але не толькі агульнаеўразійскай. Прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў паведаміў, што Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін…

«…абмеркавалі пытанні прасоўвання інтэграцыі ў межах Саюзнай дзяржавы. І пастанавілі даручыць урадам прапрацаваць і спраўдзіць сустрэчныя планы дзеянняў на шляху паглыблення інтэграцыі ў межах Саюзнай дзяржавы да 21 чэрвеня».

Пытанне лёсу нашай краіны па-ранейшаму абмяркоўваюць за замкнёнымі дзвярыма. Ніякай канкрэтыкі не могуць даведацца не толькі журналісты, але нават і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

«Хутчэй за ўсё, там утрымліваюцца нейкія пункты, якія зусім невыгодныя Беларусі. І дзеля таго, каб не ствараць лішняй панікі, лішніх негатыўных эмоцыяў, беларускі бок спадзяецца проста банальна забалбатаць расейскі», – мяркуе палітолаг Вольга Харламава.

Ці ўдасца гэта, будзе бачна з тых дакументаў, якія ўсё ж павінныя будуць стаць публічнымі. Сёння паўнамоцтвы віцэ-прэм’ера ў справе стасункаў з Расеяй атрымаў амбасадар нашай краіны ў Маскве Уладзімір Сямашка. У сваім указе Аляксандр Лукашэнка зазначыў, што за прасоўванне інтарэсаў Беларусі ў межах гэтак званай Саюзнай дзяржавы чыноўнік нясе асабістую адказнасць.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu