У бразільскім Сан-Паўлу паўстае гіганцкі мурал «гарадскога акварыуму»


Вы калісьці адчувалі сябе рыбай або крэветкай у вялізным гарадскім акварыуме? Пагрузіцца ў дапоўненую мастакамі рэчаіснасць хутка змогуць жыхары Сан-Паўлу ў Бразіліі. Там на сценах шматпавярховікаў паўстае рэкордны мурал у сапраўды бразільскіх колерах. А як падобны стыль з’яўляўся і ў Менску?

Гіганцкі ружовы васьміног у атачэнні рознакаляровых водарасцяў паўстаў на сцяне шматпавярховіку ў бразільскім горадзе Сан-Паўлу. Ён – толькі невялікая частка праекту «Гарадскі акварыум».

«Мы маем намер зрабіць «Гарадскі акварыум» самым вялікім узорам стрыт-арту ў свеце. Мы маем комплекс з 15 будынкаў, так што гэта будзе агульны твор плошчаю больш за 10 тысячаў квадратных метраў, ён размесціцца ў цудоўным месцы ў цэнтры Сан-Паўлу», – распавядае аўтар графіці мастак Фэліпі Юнг.

Аўтар праекту «Гарадскі акварыум» плануе не толькі пабіць рэкорд Гінэса ў стварэнні найбуйнейшага муралу ў свеце, але спрабуе нагадаць гараджанам пра экалагічныя праблемы зямлі: ролю вады для жывых істотаў і неабходнасць захавання біяразнастайнасці відаў, глабальнае пацяпленне і празмернае спажыванне.

Праект «Гарадскі акварыум» мае быць завершаны да карнавалу ў лютым наступнага года, але ўжо цяпер вынік можна пабачыць у адмысловай аплікацыі, якая з дапамогай акуляраў віртуальнай рэальнасці перамяшчае гледача ў цэнтр падводнага свету.

У адным горадзе Сан-Паўлу жыхароў больш як ува ўсёй Беларусі. Але колеры Бразіліі можна знайсці і ў Менску: ужо 5 разоў у беларускай сталіцы праходзіў фестываль урбан-арту «Vulica Brasil», штораз ператвараючы горад у велізарную арт-пляцоўку і надоўга пакідаючы сляды на менскіх сценах.

«Проста гэта яркасць, у нас усё шэрае, бляклае, саўдэпаўскае, мне падаецца, гэта вельмі здорава – прыносіць фарбы ў нашае жыццё».

«Гэта своеасаблівая атмасфера».

«Асабіста для мяне гэта штораніцы дарога на працу, і гэта правільны тон усяго дня, на творчую працу», – адзначаюць жыхары Менску.

За час існавання фестывалю мастакі ды архітэктары стварылі ў Менску больш за 70 твораў стрыт-арту, адзначае арганізатарка «Вуліцы Бразіл» Міла Котка. У планах арганізатараў не толькі далейшае развіццё Кастрычніцкай, але і стварэнне мастацкага парку пад адкрытым небам з галерэямі ды арт-рэзідэнцыямі і супольны праект з індзейцамі Амазонкі.

«Спачатку гэта будзе даследаванне, а пасля такі праект, дзе мы маглі б узаемадзейнічаць, мастакі ўрбаністычныя з індзейцамі, і пасля запрасіць кагосьці з іх у Сан-Паўлу, каб яны зрабілі сваё мастацтва з дапамогай прафесіяналаў стрыт-арту ў горадзе», – тлумачыць Міла Котка.

Ну а ў Менск «Вуліца Бразіл» вернецца праз 2 гады, абяцае арганізатарка, ужо не беларуска-бразільскім, а міжнародным фестывалем.

Ірына Дарафейчук belsat.eu