У беларускім парламенце не будзе ніводнага апазіцыянера


Ізноў без апазіцыі. Ніводны незалежны дэпутат у Палату прадстаўнікоў 7 склікання не трапіў. Чаму ўлады вырашылі пазбыцца апанентаў? Хто цяпер будзе засядаць у дэпутацкіх крэслах?

Сярод 110 парламентароў мы ўбачым 30 дэпутатаў цяперашняга склікання, 44 жанчыны, 2 асобы, маладзейшыя за 30 гадоў і нуль – прадстаўнікоў апазіцыі.

«Няма прадстаўнікоў апазіцыі таму, што я не гуляла ў тыя гульні або паводле таго сцэнару, які для мяне падрыхтавала ўлада. Я прыйшла з канкрэтнаю праграмай рэформаў», – тлумачыць дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая.

Уладам не патрэбныя не столькі рэформы, колькі адабрэнне гэтых выбараў Захадам – лічыць палітолаг Юры Чавусаў.

«Умоўна кажучы, калі тут нікога не збіваюць на вуліцах, калі Паліенку не кідаюць на некалькі гадоў за краты, а даюць параўнальна мяккі, хоць і абвінаваўчы прысуд, то з пункту гледжання гэтых актораў з гэтымі выбарамі ўсё ў парадку», – каментуе эксперт.

Адсутнасць апазіцыянераў – не адзінае адрозненне Палаты прадстаўнікоў новага склікання ад папярэдняга.

«Калі параўнаць з выбарамі 2016 года, то прадстаўнікоў палітычных партыяў было менш. Цяпер 21, было 16», – зазначыла на прэс-канферэнцыі старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына.

І ўсе яны стаяць на праўладавых пазіцыях. Сярод дэпутатаў з партбілетамі двое належаць да Беларускай патрыятычнай партыі, па адным да – Беларускай аграрнай і Ліберальна-дэмакратычнай партыі, шасцёра – да Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці. Найбольш – камуністаў: 11 дэпутатаў.

«Павелічэнне колькасці партыйных кандыдатаў можа быць разгледжанае з перспектывы павелічэння разнастайнасці гэтага парламенту – маўляў, мы маем нейкія партыйныя фракцыі. Аднак зноў жа, падмануць нікога не ўдасца, бо гэта абсалютна кантраляваныя ўладаю партыі», – каментуе эксперт Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.

Ціхі, стабільны, але здольны «даць у пысу» – такім парламент мары апісаў Аляксандр Лукашэнка. У ім мы ўбачым не толькі малавядомых старшыняў райвыканкамаў або функцыянераў ад медыцыны і адукацыі. Засядаць там будзе тэлевядоўца Тэнгіз Думбадзэ, дыпламаты Андрэй Савіных і Валер Варанецкі ды частыя госці ток-шоу – шэф ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч, дэпутаты Ігар Марзалюк і Генадзь Давыдзька.

Трапіла ў парламент і частая спадарожніца Аляксандра Лукашэнкі – «Міс Беларусь» 22-гадовая Марыя Васілевіч. Ці хтосьці з гэтых вядомых асобаў зможа нас здзівіць?

«Будуць, напэўна, гучна крычаць. З іншага боку, ад старых дарослых дамаў з начосамі наўрад ці гэтага варта чакаць. Ад маладой каранованай асобы – таксама наўрад ці. Яна не мае дастатковага жыццёвага досведу, досведу вядзення бізнесу ці вырашэння сацыяльных праблемаў, каб генераваць нейкія ідэі», – мяркуе дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая..

Дзейная палата прадстаўнікоў скончыць свае паўнамоцтвы датэрмінова. Лукашэнка загадаў правесці парламенцкія выбары на год раней, каб развесці іх з прэзідэнцкімі.

«2010 года з россыпам альтэрнатыўных меркаванняў на тэлебачанні і кампаніі, якая прынамсі напалам нагадвала сапраўдную кампанію, напэўна, не будзе. І я думаю, што Лукашэнка на гэты конт будзе даваць выразныя інструкцыі вертыкальшчыкам», – палітолаг Юры Чавусаў.

Палата прадстаўнікоў 7 склікання, у якой ізноў не прагучыць голасу апазіцыі, пачне сваю працу ўжо ў снежні. Прэзідэнцкая ж кампанія, да якой ужо рыхтуюцца ўлады, мае прайсці пры канцы жніўня.

Аляксандр Папко belsat.eu