У Беларусі запусцілі першую ў СНД легальную біржу крыптавалютаў


Якая IT-краіна абыдзецца без крыптабіржы? У Беларусі запусцілі першую ў СНД легальную біржу крыптавалютаў. Праект нарадзіўся ў Парку высокіх тэхналогіяў, каб зрабіцца даступным для кожнага, хто верыць у будучыню лічбавых валютаў.

Расплочвацца крыптавалютамі – гэта хутка, а гандляваць – выгадна – кажуць тыя, хто карыстаўся ці разбіраецца. Жыхары Берасця:

«Быў лапухом. Калі прапаноўвалі 10 цэнтаў за 1 біткоін, можна было набыць. І грошы былі. Сёння быў бы мільянерам».

«Увесь свет карыстаецца, значыць Беларусь робіць крок да агульнай глабалізацыі. Ускоквае ў трэнды, што няблага».

Аналітыкі вераць, што лічбавыя грошы некалі будуць роўным з купюрамі, але абсалютна незалежным інструментам аплаты тавараў і паслуг. Таму нават пасля леташняга абвалу ў сем разоў рынку крыптавалют, VP Capital бізнесоўца Віктара Пракапені і Larnabel Ventures Саіда Гуцэрыева запусцілі рэвалюцыйны праект – Currency.com – гэта першая ў свеце рэгуляваная біржа токенізаваных біржавых актываў. Віктар Пракапеня, суінвестар Currency.com:

«Асаблівасць Беларусі ў тым, што яна першая цалкам і з нуля ўрэгулявала ўсе аспекты стасавання тэхналогіі блокчэйн. У беларускім праве смарт-кантракты маюць юрыдычную сілу. Гэта кантракты якія заключаюцца ўнутры блокчэйна. І выкананне якіх гарантуе не суд, а матэматычная формула».

Другая асаблівасць, што інвеставаць і гандляваць на платформе можна акцыямі, індэксамі і сыравінаю, выкарыстоўваючы ТОКЕН – адзінку ўліку, якая адпавядае каштоўнай паперы.

«Дзякуючы з’яўленню тут крыптабірж і дзякуючы таму што кампаніі змогуць выпускаць свае токены, яны змогуць прывабліваць фінансаванне. Без фінансавання не можа быць аніякага эканамічнага росту, росту ВУП ці стварэння працоўных месцаў», – кажа Віктар Пракапеня.

Унікальная формула сталася магчымаю пасля Дэкрэту №8 які легалізаваў адразу ўсю інфраструктуру тэхналогіі блокчэйн. Прымаючы «план развіцця» для айчыннага Парку высокіх тэхналогіяў, дзяржава забяспечыла магчымыя рызыкі. Да гандляванняў на біржы не дапускаюцца лічбавыя валюты з закрытаю гісторыяй трансакцыяў. Апроч крыптавалют платформа прымае эфірыюмы і нацыянальныя валюты тыпу еўра, долараў, беларускіх рублёў.

Закінуць грошы на Currency.com можна праз банкаўскі перавод ці карты Visa і Mastercard. А выводзіць грошы з біржы будуць БелВЭБ і Парытэтбанк.

«Проста адмыць праз Парк Высокіх Тэхналогіяў нейкія грошы ў банкаўскую сістэму і зрабіць законнымі будзе дастаткова складана. І калі гэта было першапачатковай ідэяй гэтага праекту (пра што мы можам толькі здагадвацца), то хутчэй за ўсё і ў такім выглядзе праект не выгарыць», – кажа Вадзім Іосуб, старэйшы аналітык «Альпары».

Віктар Пракапеня цвердзіць, што ідэі такой не было, а перспектывы біржы «выдатныя» дзякуючы адсутнасці канкурэнцыі на гэтым рынку і высокаму попыту. А нізкі кошт на лічбавыя валюты – не праблема. Віктар Пракапеня:

«Усе гэтыя праблемы раней ці пазней будуць вырашаныя з улікам тэхнічнага прагрэсу і колькасці людзей і хуткасці развіцця тэхналогіяў».

А таму крыптаінвестараў дзяржава запрашае ўжо цяпер. У прыватнасці – майнінгавыя фермы. Гэтак называюць камп’ютары, якія забяспечваюць трансакцыі ўнутры сеткі блокчэйн і атрымліваюць за гэта крыптавалюты.

Пры нагодзе можна будзе знайсці прымяненне электрычнасці з Беларускай Атамнай АЭС, бо майнінг спажывае кілаваты ў мега-абʼёмах.

Юлія Цяльпук, belsat.eu