У Беларусі створанае падраздзяленне па барацьбе з кіберпагрозамі. Адкуль чакаем онлайн-нападу?


З такім спецназам не патрэбныя будуць ніякія ператрусы – можна будзе проста залезці хоць бы ў тэлефон. І калі ўзломваць варожыя сеткі і акаўнты гэтыя ваяры будуць гэтак жа паспяхова, як і выломваць дзверы, – айчына будзе ў бяспецы.

Цяпер спецыялісты холдынгу «АГАТ – сістэмы кіравання» праводзяць глабальны аўдыт у сферы інфармацыйнай бяспекі: тэстуюць камп’ютарныя сістэмы і праграмнае забеспячэнне, вядуць аналітычную і крыміналістычную працу. Адкуль чакаем онлайн-нападу? Аляксандр Алесін, незалежны вайсковы аглядальнік:

«Гэта могуць быць і тэрарысты, і псіхічна нездаровыя людзі. Ну і апроч таго патэнцыйны і эвентуальны праціўнік, які ў перыяд падрыхтоўкі агрэсіўных ваенных дзеянняў ці абвастрэння палітычнай сітуацыі дзеля таго, каб давесці яе да накалу, да сацыяльна-палітычнага пратэсту, можа зрабіць шэраг кібернетычных дыверсіяў».

У нашым выпадку самым уразлівым абʼектам можа быць Астравецкая АЭС, якая мае запусціцца ў хуткім часе. Аднак кібербяспеку варта пачынаць з самых нізоў, мяркуюць эксперты.

«Вельмі вялікая колькасць паштовых скрыняў зараз знаходзіцца на серверах Mail.Ru. Калі яны захочуць, яны будуць мець доступ да ўсёй перапіскі. Таксама антывірус Касперскага – зараз па ўсім свеце прынята лічыць, што гэта афіляваная з расейскімі спецслужбамі структура», – тлумачыць Сяргей Лаўрыненка, ІТ-менеджар.

Але нам таксама ёсць чым і кім «пахваліцца». Летась на ўвесь свет стаў вядомы наш суайчыннік Сяргей Ярэц. Ён прадаў Федэральнаму бюро расследаванняў ЗША шкодны софт, у выніку чаго бюро, паводле ацэнкі «Майкрасофт», страціла больш за 10 мільёнаў долараў. На радзіме ён толькі атрымаў штраф памерам 120 базавых, дый той плаціць не давялося, бо паўгода ён правёў у СІЗА. Такія людзі патрэбныя сучасным спецслужбам.

«У нас ёсць буйны развіты ІТ-сектар, таксама ёсць буйныя профільныя кафедры ў БДУІРы. Канешне, карпарацыі, якія могуць пакласці заробак нашмат больш вялікі, чым дзяржустановы, выйграюць канкурэнцыю за людзей. Але пры жаданні можна вельмі моцныя каманды па кібербяспецы збіраць у Беларусі», – мяркуе ІТ-менеджар Сяргей Лаўрыненка.

Было б няблага, каб тыя каманды дбалі не толькі пра звесткі ўрадавых арганізацыяў ды крытычныя інфраструктурныя абʼекты, але і пра інфармацыйную бяспеку шараговых інтэрнаўтаў.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu