У Беларусі распачаўся сезон восеньскіх кірмашоў


Садавіну, агародніну і іншыя сельскагаспадарчыя вырабы можна набыць на дваццаці пляцоўках толькі ў Менску. У першы ж дзень гандлю мы прыйшлі на адзін з такіх кірмашоў – каля Трактарнага заводу ў Менску, каб даведацца, якія нарыхтоўкі на зіму можна зрабіць і колькі гэта будзе каштаваць.

Капусту, моркву, буракі і, натуральна, бульбу тут прадаюць аграпрадпрыемствы і прыватныя гаспадаркі. Знаёмімся з адным з гаспадароў.

«Я прыехаў з Баранавіцага раёну, прадаю таксама бульбу, яблыкі – усё, што расце на сваім падворку. Кошты ў залежнасці ад якасці, але танней, чым у дзяржаўных крамах. Працаваць і прадаваць выгадна, але цяжкая праца – мала хто займаецца».

На менскім кірмашы ёсць занятак на любы густ: каб не сумна было гандлярам і пакупнікам, тут арганізавалі канцэрт, дзе час бавіць моладзь і дзеці.Калі гаспадары і гаспадаркі задаволеныя вынікам працы і памерам даходу, то ці гэтак жа выгадна і зручна гараджанам зрабіць нарыхтоўку? Цікавімся ў наведнікаў кірмашу і пакупнікоў.

«Вельмі ўсё якаснае і таннейшае, чым звычайна».

«Колькі каштуе зрабіць нарыхтоўкі на зіму? Ня ведаю – набываем і ўсё з’ядаем».

«Сёлета слабейшы кірмаш – летась лепш было. І дастаўкі дадому няма – вельмі дрэнна».

«Нічога не магу сказаць – усім жонка займаецца, а я – толькі грузавая сіла».

Кірмаш у Менску толькі разгараецца, а сезон кірмашоў – толькі распачынаецца. Кожныя кастрычніцкія выходныя кірмаш будзе праходзіць у Менску, абласных цэнтрах і іншых гарадах краіны.

Галіна Абакунчык belsat.eu