У Беларусі пачалі афіцыйны продаж апошняй мадэлі айфону

Продаж новых айфонаў у Беларусі афіцыйна пачаўся апоўначы 25 кастрычніка. Адна з афіцыйных крамаў арганізавала ўрачыстае адкрыццё для тых, хто папярэдне замовіў новы гаджэт – з каваю, фотазонай і бясплатнаю таксоўкаю. Уначы перад дзвярыма сабраліся каля 30 чалавек.

Аляксандр – адзін з першых афіцыйных пакупнікоў 11-га айфона ў Беларусі. Мужчына захапляецца тэхнікай Apple і нават перадзамову на новую мадэль аформіў яшчэ тыдзень таму, як толькі з’явілася магчымасць.

«Мне падабаецца іх палітыка, розныя штукі, якія яны робяць. Фанат, можна і так сказаць», – сказаў ён у размове з «Белсатам».

Сярод іншых першых пакупнікоў новага айфону блогерка Кацярына Коба – самая папулярная беларуска ў інстаграме.

«Намагаюся следаваць за ўсімі навінкамі, якія выходзяць у Apple, бо нам, блогерам, трэба сачыць за навінкамі і падтрымліваць кантэнт у лепшым выглядзе, сачыць за новымі трэндамі».

Цяпер iPhone 11 у Беларусі каштуе ў залежнасці ад мадыфікацыі ад 2000 да 3200 рублёў. Гэта ці не найбольшы кошт на гэтую мадэль па ўсім свеце – даражэй толькі ў Турцыі. Сталічныя мінакі задумаліся пра тое, ці варты новы гаджэт прыкладна трох сярэдніх беларускіх заробкаў.

«Што грошы? А вось папрацаваць з карысцю, каб нічога не завісала…»

«Я думаю, што тысячу ці паўтары тысячы долараў можна было б накіраваць на нейкія прыемныя рэчы. У тым ліку на дабрачыннасць. Я б знайшла, што з імі зрабіць».

«Я б паўтары тысячы долараў абраў, бо гэта больш патрэбна. А айфон… Праз месяц выйдзе 12-ы, 13-ы, 14-ы…»

«Паўтары тысячы долараў! Я б прыдумала, на што іх змарнаваць».

«Я бы абраў паўтары тысячы долараў, а змарнаваў бы, напэўна, на плыткі, на кнігі, на дыскі», – кажуць жыхары Менску.

Акцэнт у новым айфоне зрабілі на павышэнне якасці фота- і відэаздымак. Самая відавочная навінка апошняга айфона найвышэйшай мадыфікацыі Pro – тры камеры. Цяпер, усяго за 3200 рублёў, вашыя здымкі будуць у яшчэ лепшай якасці. Адмыслоўца прэміюм-рэсэлера Аляксей Бужэнік тлумачыць бачанне кампаніі Apple. Маўляў, iPhone – гэта не проста тэлефон, а знак статусу. А таксама гаджэт, што яднае ўсю прадукцыю фірмы:

«Цяпер iPhone – гэта больш пра сістэму. Софт, усё працуе разам: музыка, стрымінгавыя сэрвісы, Apple TV і шматлікія іншыя сэрвісы. Праца ў экасістэме агулам».

Толькі сёння афіцыйна ацаніць перавагі апошняга айфона ў Беларусі здолелі больш за 200 чалавек. А купіць новую мадэль можна як у афіцыйных прадстаўнікоў Apple, так і ў звычайных крамах побытавай тэхнікі.

Ксенія Тарасевіч belsat.eu

Глядзі таксама