У Беларусі – новая фаза эпідэміі


Прадстаўнік Сусветнай арганізацыі здароўя падчас сустрэчы з прэсай пасля завяршэння місіі ў Беларусі заявіў, што нашая краіна ўваходзіць у новую фазу распаўсюду каронавіруса, і ўрад мае ўзмацніць узаемадзеянне з грамадствам.

Сітуацыя з каронавірусам у Беларусі патрабуе новых, узмоцненых захадаў бяспекі, якія ахопяць усё грамадства. Пачынаецца цяжкі час з новаю дынамікаю інфікавання, і трэба хутка дзейнічаць, каб не перагрузіць сістэмы аховы здароўя. Так можна абагульніць суботні брыфінг Патрыка О’Конара, які ўзначальваў місію Еўрапейскага рэгіянальнага бюро САЗ у нашай краіне.

«Варта чакаць рэзкага росту захворвання, магчыма, неаднакратнага. Шмат якія сістэмы аховы здароўя сутыкнуліся з тым, што хутка аказваліся не гатовыя да той дынамікі, з якой сутыкаліся», – заявіў прадстаўнік WHO ў Беларусі.

Улады Беларусі мусяць адкрыта і зразумела інфармаваць грамадзянаў пра COVID-19, дадаў О’Конар.

Падаць прыклад у прысутнасці прадстаўніка міжнароднай місіі намагаўся міністр аховы здароўя. Уладзімір Каранік адказваў на пытанні больш ахвотна і канкрэтна, чымся на традыцыйных брыфінгах. На сёння ў Беларусі лабараторна пацверджана 2226 выпадкаў каронавіруснай інфекцыі. Сярод хворых – медыкі.

«Інфікаваны 301 працаўнік сістэмы аховы здароўя. Перадусім горад Менск, на другім месцы Віцебская вобласць. Яны абавязаныя выкарыстоўваць сродкі абароны, каб не стаць крыніцай інфікавання для пацыентаў і сваіх калегаў», – распавёў пра сваіх падначаленых Уладзімір Каранік.

Паводле афіцыйных звестак, у Беларусі ад каронавіруса памерлі 23 асобы. Міністр паведаміў, што толькі ў Віцебску з пнеўманіяй у шпіталях ляжыць 1000 пацыентаў – у часткі з іх дыягназавалі COVID-19. Але Уладзімір Каранік ухіліўся ад адказу, колькі хворых на каронавірусную інфекцыю ў Докшыцах Віцебскай вобласці, адным з самых пацярпелых гарадоў Беларусі. Таксама чыноўнік заявіў, што не можа спыніць чэмпіянату Беларусі па футболе – гэта мусіць зрабіць Міністэрства спорту.

«Не Міністэрства аховы здароўя прымае рашэнне аб ягоным узнаўлення ці прыпынення. Мы прымаем захады па ягоным бяспечным правядзенні», – заявіў міністр.

У сваю чаргу Міністэрства абароны не плануе ні адмяняць, ні пераносіць парад Перамогі на 9 траўня. Трэніроўкі жаўнераў – плячо да пляча – ідуць поўнаю хадою. Рыхтуюць і месцы для публікі.

Вось што думаюць пра парад у часе пандэміі жыхары і госці Менску:

«Каронавіруса няма, гэта ўсё паніка».

«Трэба проста перанесці на наступны год».

«Не трэба парад праводзіць. Лепш бы маскі купілі ці лекарам дапамаглі».

Беларусы не толькі самастойна дапамагаюць медыкам сродкамі абароны, але і ўсё актыўней абараняюцца ад хваробы самі.

Вось што распавялі «Белсату» жыхары Лунінца:

«Часта рукі мыць. Дэзінфікаваць. Нікуды не хадзіць, па вуліцах не боўтацца. Усё».

«Зайшла ў аптэку – масак няма. А дзе іх узяць? Парацэтамолу няма, масак няма. У нас, тым больш, у Лунінцы 17 чалавек заражаных. Дашліце тады нам маскі ў першую чаргу».

«Дышым парам. Жонка на працы ходзіць у намордніку, як і вы (журналіст). А дзяржава нашая, падобна, нічога не робіць супраць каронавіруса».

Хвароба не шкадуе нікога. Мінулаю ноччу ў рэанімацыі Пінскага раённага шпіталю ад пнеўманіі памёр журналіст сайту «Медиа-Полесье» Васіль Мацкевіч, які таксама супрацоўнічаў з «Белсатам». Падазраюць, што да смерці мог спрычыніцца каронавірус.

На пачатку тыдня выданне «Медиа-Полесье» атрымала пісьмовае папярэджанне ад Міністэрства інфармацыі за распаўсюд звестак пра каронавірус, здабытых з неафіцыйных крыніцаў. Сын Васіля Мацкевіча цяпер у інфекцыйным шпіталі. А ў самім Пінску, паводле афіцыйных звестак, каронавірусу не знойдзена.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»