У Беларусі чакаецца анамальна цёплае лета


Рэкордна гарачае лета для ўсёй планеты прагназуюць расейскі Гідраметцэнтр і амерыканскія навукоўцы. З верагоднасцю 75%. Апошнія 25 гадоў кожнае лета сапраўды цяплейшае за папярэдняе. Прычына – змена клімату.

«Змяненне клімату прыводзіць да таго, што ўварванне трапічных паветраных мас праяўляецца часцей, у вялікіх маштабах, г. зн. захоплівае вялікія тэрыторыі. І такое спякотнае, сухое надвор’е ўсталёўваецца на больш доўгі тэрмін», – тлумачыць эколаг Ганна Скрыган.

Празмерна гарачае лета ў першую чаргу адаб’ецца на самаадчуванні людзей з сэрцава-судзіннымі хваробамі. У спёку спецыялісты раяць менш бываць на сонцы і замест халоднай вады піць гарачую зялёную гарбату.

Hавiны
Расейскі Гідраметэацэнтр і амерыканскія навукоўцы прагназуюць рэкордна гарачае лета
2020.04.27 17:19

«Другі момант, які нас непасрэдна закране – гэта нашы беларускія дачы і нашы падсобныя гаспадаркі. Мы за кошт гэтага выжываем. Якая тут асноўная праблема – што зімы не было, не было снегу. Г. зн. амаль не папоўніўся першы ваданосны гарызонт, з якога дачнікі чэрпаюць ваду для сваіх агародаў», – кажа Ганна Скрыган.

Калі лета сапраўды будзе сухім, то дачнікам прыйдзецца думаць, дзе ўзяць ваду. Што на гэта думаюць самыя дачнікі, мы запыталіся на вуліцах Магілёва:

«Спякоты мы не баімся, у нас на ўчастку выкапана азярцо, і мы заўсёды з вадой».

«У мяне пад кожным вуглом стаяць бочкі, спадзяюся, што хоць нейкія ападкі будуць. Буду збіраць ваду і ваду эканоміць».

«Баюся, таму што не кожны раз там бываю, па выходных толькі. Парнікі дапамагаюць суседзі адкрываць, закрываць».

Анамальная спёка закране сельскую, лясную і водныя гаспадаркі. Кандыдат эканамічных навук Пётр Мігурскі тлумачыць, як спёка адабʼецца на сельскай гаспадарцы:

«Калі будзе вельмі спякотнае лета, ізноў будзе галадаць жывёла, як гэта адбываецца апошнія гады ў Беларусі». Мы можам назіраць скарачэнне пагалоўя жывёлы, малыя прыбаўленні. Калі карова можа даваць 10–12 тон малака ў год, то мы глядзім па Магілёўскай вобласці, і гэта толькі 4 тоны».

Hавiны
Папа Рымскі назваў каронавірус «рэакцыяй прыроды» на глабальнае пацяпленне
2020.04.08 21:52

Малая эфектыўнасць сельскай гаспадаркі, на думку эканаміста, адлюстроўваецца і ў скарачэнні долі галіны ў валавым унутраным прадукце. А далейшае пагаршэнне сітуацыі, у тым ліку і праз надвор’е, вядзе да павелічэння аб’ёмаў харчовага імпарту.

«У нас шмат асушаных зямель – трэба займацца водарэгуляваннем. Нават можа сёння падняць люстэрка вады ў каналах да максімальнага ўзроўню, каб гэтая вада працавала. Трэба ўсё ж такі нарошчваць абʼёмы ўнясення арганічных угнаенняў», – кажа Пётр Мігурскі.

Каб уратаваць сельскую гаспадарку ад засухі, Пётр Мігурскі раіць таксама перайсці на максімальны сеў азімых культураў і пачынаць сеяць як мага раней.

Вольга Васільева, «Белсат»