Творчая суполка «Пагоня» адкрыла ў Менску выставу «Адраджэнне 2019», прысвечаную БНР-101


Мары ды ідэалы заснавальнікаў БНР актуальныя і сёння, адзначаюць арганізатары выставы, прысвечанай 101-м угодкам абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. У сюжэтах шмат нацыянальных сімвалаў, выявы будынкаў і гарадоў, звязаных з дзейнасцю Рады БНР. Створаная партрэтная галерэя айцоў-заснавальнікаў і грамадскіх дзеячаў.

«Вы іх можаце бачыць за нашай спінаю. І хоць гэта камернае месца, але яно можа быць месцам такога камернага значэння гэтага юбілею. Бо дзяржава не хоча, не дазваляе ў шырокім маштабе адзначыць, тым не менш такія камерныя адзначэнні будуць», – кажа айцец Леанід Акаловіч, Беларуская аўтакефальная царква.

Размясцілася выстава ў кавярні «BeerShow» на вуліцы Валадарскага 7. Гэты дом ушчыльную прымыкае да будынку, дзе 25-га сакавіка 1918-га года абвесцілі незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі.

У гэтым жа бары размяшчаецца і памятная шыльда, зробленая Алесем Шатэрнікам яшчэ ў 1993-ім годзе. Яе тут размясцілі пасля таго, як улады не дазволілі вывесіць памятную табліцу, грошы на якую збіралі талакою.

Бронзавая копія яшчэ зойме сваё пачэснае месца на суседнім будынку, адзначаюць арганізатары выставы. І заклікаюць, не зважаючы на ўсе перашкоды, памятаць ды ўшаноўваць памяць пра Беларускую Народную Рэспубліку.

«Гэта святое святых. Менавіта 25 сакавіка была абвешчаная Незалежнасць, ні ў які другі дзень. 27 ліпеня, 25 жніўня – гэта на новым этапе, гэта аднаўленне нашай Незалежнасці. А гэта святы дзень, які мы павінныя памятаць, казаць дзецям, нагадваць самым сабе і ніколі не забывацца», – гаворыць арганізатар выставы Мікола Купава.

Выставу можна наведаць да 20-га красавіка.

Вольга Чайчыц, Андрусь Козел, belsat.eu