Тут не сядзіцца: куды цягне нашых студэнтаў?


У Менску праходзіць выстава «Адукацыя і карʼера», дзе абітурыентам прапаноўваюць шматлікія варыянты навучання, у тым ліку і за мяжой. Францыя, Германія, Латвія, Польшча і іншыя краіны запрашаюць беларусаў да сябе. Цяпер жа па дадзеных ЮНЕСКА за мяжой навучаецца больш за 25 000 беларусаў. Найчасцей нашыя студэнты зʼязджаюць у Расею. На другім месцы – Польшча. На трэцім – Літва. 21-гадовы Ігар з Менску паехаў у Варшаўскі ўніверсітэт, каб вывучыцца на юрыста. Цяпер ён на другім курсе.

«Меркаванне маіх сяброў, якія там засталіся, што яны апавядаюць. Ну гэта вельмі сумна, што людзі, залатыя медалісты, паступалі ў лепшыя, паводле нашых мерак, ВНУ краіны, і пры гэтым яны цяпер расчараваныя і ў навучанні, і ў ведах, якія ім далі. І магчымасці, якія перад імі стаяць, неапісальна малыя ў параўнанні з тым, што тут прапаноўваюць студэнтам», – кажа Ігар Собаль, які вучыцца ў Варшаве.

Звычайна беларусы едуць за мяжу, каб атрымаць больш высокі ўзровень адукацыі і мець лепшыя перспектывы працаўладкавання, у тым ліку ў Беларусі. Некаторыя хочуць пазбегнуць размеркавання пасля вучобы. Ці ўплывае колькасць беларускіх студэнтаў за мяжой на сітуацыю ў краіне?

«Гэта не надта вялікая лічба і ўвогуле тое, што студэнты едуць за мяжу і вучацца там, – гэта абсалютна нармальна. Глядзець на мабільнасць як на нешта страшнае – гэта абсалютна несучасны падыход. Трэба глядзець на мабільнасць як на нармальную з’яву, але ўключацца ў гэтую мабільнасць. А праблема ў тым, што мы не ўключаемся», – ацэньвае Таццяна Вадалажская, каардынатарка «Лятучага ўніверсітэту».

Якую ж краіну для вучобы абралі б нашыя студэнты?

«Аўстрыю, Вену. Па-першае, мне падабаецца гэты горад, краіна цудоўная. Мне падаецца, адукацыя там на ўзроўні».

«Мне тут усё падабаецца».

«Напэўна, выбрала б Расею, таму што, па-першае, у мяне там ёсць родныя. Па-другое, сябры. І ў прынцыпе, там ёсць вельмі шмат цікавых універсітэтаў».

«Англія, бо там найбольшая колькасць універсітэтаў, якія кваліфікуюцца ў свеце па якасці адукацыі».

«Я б хутчэй за ўсё навучалася ў Амерыцы. Мне вельмі падабаецца іх узровень жыцця. Мне вельмі падабаецца ў прынцыпе іхны менталітэт:

яны вольныя людзі».

Стыпендыяльныя праграмы можна знайсці між іншага на сайтах саміх універсітэтаў або на старонках культурных і дыпламатычных цэнтраў. Герой жа нашага сюжэту знайшоў прапанову на сайце Амбасады Польшчы ў Беларусі.

«Тут, напэўна, адразу зʼяўляецца ва ўсіх пытанне дыскрымінацыі нейкай з-за таго, што вы не мясцовыя, не тутэйшыя. Але насамрэч я ані разу не сутыкаўся з гэтым у вучобе, як мінімум. Ва ўніверы да нас ставяцца з вялікай павагай. Вы павінны вучыцца. Мы ацэньваем, і мы разумеем, што вы не ўсё можаце сказаць на той мове, на якой трэба, але вам рэспект, умоўна кажучы», – апавядае Ігар Собаль.

А на выставе «Адукацыя і карʼера» вы знойдзеце каля 35 стэндаў з прапановамі адукацыі за мяжой. Імпрэза працягнецца да 15 лютага.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»