Турма для ўсіх. Беларусы сядуць за Данбас?


Беларус, казак і найміт – 29-гадовы жыхар Гомля, чыё імя не раскрываецца, паколькі прысуд яшчэ не набыў законную моц, мог атрымаць куды большы тэрмін. 133-ці артыкул крымінальнага кодэксу – найміцтва прадугледжвае да сямі гадоў турмы. Беларускі казак сцвярджаў, што не прымаў удзелу ў баях, а толькі аказваў гуманітарную дапамогу і ахоўваў ваенныя аб’екты. У абвінавачання доказаў адваротнага не знайшлося, ды наагул, на меркаванне адмыслоўца, беларускія праваахоўнікі не надаюць належнай увагі гэтым баевікам.

«Вядзецца пра некалькі соцень наймітаў-беларускіх грамадзянаў, якія ўдзельнічаюць у складзе незаконных збройных фармаванняў на тэрыторыі Данбасу і ваююць з украінскай арміяй. А на гэты момант мы ведаем пра тры прысуды. То бок абсалютная большасць усіх астатніх наймітаў застаюцца па-за следчымі дзеяннямі», – звяртае ўвагу Дзяніс Івашын з праекту «Informnapalm».

Дый што гэта за прысуды!

Акрамя гомельскага казака беларуская Фэміда занялася 29-гадовым пастаўчанінам Аляксеем Яршовым – ён атрымаў два гады так званай хатняй хіміі, а пасля без перашкодаў вярнуўся на Данбас, дзе працягвае ваяваць за «русский мир». У лістападзе два гады калоніі адкрытага тыпу атрымаў чарговы баявік з ДНР – Віталь Мітрафанаў.

Гэта першы рэальны тэрмін для баевіка ДНР

Беларусы ж, што ваююць з іншага боку за найміцтва не былі асуджаныя наагул. Так віцябляніна Станіслава Ганчарова па мянушцы тэрор-машына асудзілі за распальванне міжнацыянальнай варожасці. Куды больш контраверсійны суд над байцом правага сектару Тарасам Аватаравым за нібыта кантрабанду зброі – сігнальнай гранаты – скончыўся пяцігадовым тэрмінам калоніі строгага рэжыму. Беларусы-найміты з ДНР і ЛНР пакуль пачуваюцца спакайней.

На меркаванне Дзяніса Івашына, сапраўдных прыхільнікаў гэтак званага «русского мира» або ідэйных абаронцаў расейскамоўнага насельніцтва ва Украіне на Данбасе цяпер практычна няма. ДНР і ЛНР не ператварыліся ў нешта большае за залежныя ад Расеі тэрыторыі, а таму туды едуць зарабляць. Прычым едуць тыя, хто ўласнае дый чужыя жыцці цэніць на $ 250 за месяц.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат», фота: Maksim Levin / Reuters / Forum