Турэцка-расейская вайна. Сірыйскімі рукамі


Турэцкія вайскоўцы заяўляюць пра знішчэнне сірыйскага транспартнага летака, больш як дзясятка адзінак бронетэхнікі ды некалькіх соцень лаяльных рэжыму Башара аль-Асада жаўнераў. Анкара падтрымлівае антыасадаўскіх паўстанцаў, што кантралююць большую частку правінцыі Ідліб – апошнюю апору праціўнікаў аль-Асада. Турцыя ня страціла ні аднаго жаўнера, і гэта можа быць сігналам да дээскалацыі, мяркуе адмысловец з маскоўскага цэнтру даследаванняў Сярэдняга Усходу Айтун Архан.

«Ня варта чакаць эскалацыі канфлікту, бо турэцкая авіяцыя не кантралюе паветранай прасторы. У аперацыі ўдзельнічаюць толькі турэцкія дроны, а турэцкія F-16 не пакідаюць сваёй паветранай прасторы, калі наносяць удары па сірыйскай тэрыторыі. Я б сказаў, што гэта сведчыць пра нежаданне пагаршаць сітуацыю».

Не пакідаюць сваёй паветранай прасторы, бо пакуль Турцыя падтрымлівае антыасадаўскіх паўстанцаў, Расея, а перадусім яе зенітна-ракетныя комплексы С-400, прыкрываюць наступ урадавых войскаў Сірыі на Ідліб. У той час як Масква і Анкара фактычна ваююць міжсобку чужымі рукамі, незалежная Міжнародная следчая камісія ў справе Сірыі абвінаваціла Расею ў ваенных злачынствах і абвесціла падазрэнні, што Турцыя парушае міжнароднае права.

«Галоўнае пытанне цяпер – гэта людзі, якія захраслі на мяжы без гуманітарнай дапамогі, дзеці, што паміраюць ад холаду. І для мяне проста не зразумела, чаму міжнародная супольнасць не рэагуе і не прапаноўвае неабходнае дапамогі. Калі гэтыя ўцекачы ня могуць прайсці далей, то чаму прынамсі не дапамагчы ім?» – задаецца рытарычным пытаннем сябра Міжнароднай следчай камісіі ў справе Сірыі Гані Магалі.

Дзясяткі тысяч уцекачоў спрабуюць прарваць кардоны грэцкіх і балгарскіх сілавікоў. Людзі намагаюцца трапіць на грэцкія астравы на звычайных гумовых чаўнах. Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган заявіў, што ня будзе больш стрымліваць мігрантаў, бо ня)мае належнага, на ягоную думку, падтрымання з боку Бруселю:

«Калі сотні тысяч мігрантаў сёння грукаюцца ў вашыя дзверы, то на гэта ёсць прычына. Еўрапейскі Звяз не стрымаў свайго абяцання. Ну і, вядома, сённяшняе забойства двух уцекачоў грэцкімі жаўнерамі – толькі пагаршае справу».

Паводле ААН, Турцыя з 2016 года прыняла і не прапускала ў Еўразвяз больш за тры з паловаю мільёны ўцекачоў. За гэта Анкара атрымала больш за тры мільярды еўраў і спрошчаны візавы рэжым з Еўразвязам. Цяпер у Бруселі вінавацяць Эрдагана ў парушэнні пагаднення.

«Гэтых людзей проста прымушаюць ісці да мяжы. А там – тупік. І пазіцыя Еўразвязу ды нашая дамова з Турцыяй – не выкарыстоўваць мігрантаў у палітыцы, а наадварот – прыйсці да пагаднення, якое спросціць ім жыццё», – заклікала канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель.

Брусель накіраваў дадатковыя сродкі і адмыслоўцаў з шэрагу еўрапейскіх краінаў у Грэцыю і Балгарыю, каб падтрымаць мясцовыя службы ў стрымліванні хвалі ўцекачоў. Заўтра кіраўнікі Турцыі ды Расеі ў Маскве абмяркуюць лёс вайны ў Сірыі. Як прызналі прэсавыя службы абодвух лідараў, перамовы абяцаюць быць няпростымі.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат»