Туалет у Віцебску рамантавалі больш за год, але чарупіны не замянілі


Чатырнаццаць месяцаў давялося чакаць жыхарам Віцебску рамонту апошняй у горадзе бясплатнай грамадскай прыбіральні.

Прывесці ў належны стан занядбаную прыбіральню даручылі прадпрыемству «Гардармост». Рамонт мусіў адбыцца да канца 2017-га года.

«Гэта месца перакрыжаванняў турыстычных сцежак, якія перасякаюць Віцебск. І там час ад часу спыняюцца аўтобусы менавіта на санітарны прыпынак. На жаль, турысты, якія прыязджаюць у Віцебск ці то з розных куткоў Беларусі, ці то за мяжы, павінны нюхаць гэты «водар» самы што ні ёсць чалавечы», – кажа грамадская актывістка Таццяна Севярынец.

Са спазненнем, але яго ўсё ж такі выканалі сёлета, напрыканцы лютага. У доўгачаканай прыбіральні ў кабінках з’явіліся дзверы. Аднак у разуменні мясцовых уладаў капітальны рамонт – гэта слабы слой тынкавання на верхняй частцы сценаў ды столі, вось і ўсё.

«Для віцебскіх уладаў, якія нібыта зрабілі рамонт грамадска-агульнай прыбіральні, усё як заўсёды: на табе, Божа, што мне нягожа! Пэндзаль узялі, умакнулі ў мел ды проста памазалі сцены», – кажа Севярынец.

Рэстаўрацыя прыбіральні нават не закранула кранаў чарупінаў: яны як не працавалі раней, гэтак і не запрацавалі цяпер. Але навошта? І так добра, калі бальшыня не скардзіцца.

«Ну, лепей жа стала. Мне нармальная. Але можна было і лепей зрабіць, хаця бы крышачку», – чуем ад жыхара Віцебску.

«Вы ведаеце, я тут не бываў раней, але нармальны туалет. Галоўнае, што бясплатны. Не мяце і не дуе – гэта галоўнае», – дадае іншы.

«Я асабіста па такому прынцыпу непатрабавальны. Дзякуй і за такое. А каму не падабаецца, то хай ідзе далей і плаціць», – кажа іншы мужчына.

Ці гэта канчатковы варыянт рамонту, пакуль невядома. Прадстаўнікі камунальных службаў, адказныя за рэстаўрацыю прыбіральні, некалькі дзён застаюцца недасяжныя для журналістаў.

Міхась Ільін; фота – Kim Hong-Ji/Reuters