Цырульні, салоны прыгажосці і тату-студыі церпяць праз адсутнасць кліентаў


Не так даўно Кацярына Смаляк адкрыла сваю студыю прыгажосці. Аднак цяпер, праз сітуацыю з каронавірусам, відавочна, будзе вымушаная яе зачыніць, бо з пачатку красавіка, адзначае майстарка, кліентаў практычна няма.

«Я прапанавала сваім кліентам выезд на дом. Калі яны не могуць ці не хочуць прыехаць да мяне, то я магу прыехаць да іх: узяць усе неабходныя інструменты, матэрыялы. У мяне аб кожным кліенце ёсць база звестак, чым я фарбую кліента. Усё гэта ўзяць, прыехаць. Пальчаткі, маска, антысептык – усё гэта ёсць. Але ў такіх абставінах людзі баяцца нават гэтага», – кажа візажыстка і ўладальніца «Smolyak studio» Кацярына Смаляк.

Скардзяцца на адсутнасць кліентаў і цырульні.

«У шмат каго сапраўды паніка, яны самаізаляваліся. Нехта папросту не мае магчымасцяў. Яны разумеюць, што, калі сёння аддадуць пэўную суму на стрыжку ці пафарбоўку, адпаведна, у наступным месяцы ім не будзе за што есці. Бо гэтыя людзі цяпер за свой кошт у адпачынку, хтосьці ўвогуле застаўся без працы. Таму ж, хто працуе, моцна ўрэзалі аплату», – распавядае цырульніца салону «Марафет» Настасся Кухта.

У няпростай сітуацыі апынуліся і тату-майстры. Попыт на іхныя паслугі падае.

«Цяпер такі момант, калі кожны павінен нечым ахвяраваць. Вядома, фінансавая сітуацыя – першая, якая адбываецца. Мы ўразаем свае нейкія хацелкі, як я іх называю, і скарачаем максімальна пэўныя выдаткі. Мы не дарабляем тут рамонту да канца», – зазначае дырэктар тату-студыі «Good_Sing_Tattoo» Аляксандр Міхеенка.

Студыя «Good_Sing_Tattoo» была вымушаная сысці на арэндныя вакацыі ў адным са сваіх салонаў. Такое ж выйсце з сітуацыі бачаць і іншыя нашыя суразмоўцы.

«Што датычыць нашай галіны, адпаведна, гэта арэндныя вакацыі, гэта безумоўна. Адмена падаткаў, хаця я разумею, што плачу невялікія падаткі, але для мяне гэта была б істотная сума», – падкрэслівае Настасся Кухта.

«Можна адтэрмінаваць арэнду, можна зрабіць растэрміноўку. Але зноў жа, калі людзі не пойдуць, калі людзі не вярнуцца да свайго звыклага рытму жыцця, то ніякая адтэрміноўка арэнды мяне не ўратуе», – кажа Кацярына Смаляк.

З боку дзяржавы разглядаецца магчымасць увесці арэндныя адтэрмінаванні і растэрміноўванні. Але, паводле старшыні Асацыяцыі сярэдняга і малога прадпрымальніцтва, патрабуюцца больш рашучыя крокі насустрач бізнесу.

«Можна дазволіць падаткавыя не адтэрміноўкі, а вызваленні ад платы падаткаў на нейкі перыяд. Калі гэты бізнес загіне, то плаціць падаткі не будзе каму», – тлумачыць старшыня Асацыяцыі сярэдняга і малога прадпрымальніцтва Сяргей Балыкін.

А таму, кажа адмысловец, выбар у дзяржавы невялікі. Беларускі бʼюці-бізнес цяпер у складанай сітуацыі. Людзі адмаўляюцца ад паслуг салонаў і студыяў прыгажосці праз страх за здароўе або фінансавыя цяжкасці. Прадпрымальнікі бачаць выйсце ў сыходзе на бестэрміновыя вакацыі ці закрыцці ўласнага бізнесу.

Хрысціна Чарняўская, «Белсат»