Цяпер БАТЭ патрэбна скокнуць вышэй за галаву


Барысаўскі БАТЭ даволі нечакана зазнаў паразу з буйным лікам 0:3 ад казахстанскай «Астаны», на яе полі ў першым матчы раунду плэй-оф футбольнай Лігі Еўропы.

Для таго, каб забяспечыць сабе еўракубкавую восень «жоўта-сінім», патрэбна на «Барысаў-арэне» скокнуць вышэй за галаву. Аднак, як кажуць – мяч круглы, поле роўнае, таму да фінальнага свістка шанцы ёсць заўсёды. А што на гэты конт думаюць заўзятары?

Як вынік – перамога БАТЭ 2:0, але гэтых двух галоў не хапіла беларускаму клубу, каб працягнуць далейшую барацьбу на групавым этапе другога паводле значнасці клубнага турніру Старога Свету.

Аляксей Бага, галоўны трэнер ФК БАТЭ: «Мы правялі суперматч, забілі 2 мячы, трошкі не хапіла для агульнай перамогі. Футбалісты аддалі ўсе сіл ыкаб вярнуцца ў гульню, а так асабліва каментаваць няма чаго».

А пачынаўся гэты вечар для БАТЭ даволі перспектыўна: яны вельмі актыўна дзеялі з самага пачатку сустрэчы, і ўжо на шостай хвіліне Максім Скавыш дакладным ударам галавою перакінуў галкіпера ды адправіў мяч у сетку.

Максім Скавыш, нападнік ФК БАТЭ: «Астана» добрая каманда, аднак і БАТЭ можа гуляць значна лепш, што клуб сёння і прадэманстраваў. Такія турніры цяжкія, таму калі прагуляў даволі шмат у першай сустрэчы, то цяжка аднавіць раўнавагу».

Калі і віншаваць каго са складу «Астаны» з выхадам у групавы этап Лігі Еўропы, то, безумоўна паўабаронцу беларускай нацыянальнай зборнай Івана Маеўскага. Ён цяпер абараняе колеры казахстанскага клубу і прызнае, што яны нерваваліся пасля прапушчанага голу, а БАТЭ іх падціскаў.

Іван Маеўскі, паўабаронца ФК «Астана»: «Галоўную задачу выканалі, прайшлі ў групу. Нервова пачалі двубой, асабліва першыя яго хвіліны, усе мы вопытныя футбалісты, не ведаю чаму так. Маючы такі добры задзел, мы маглі гуляць спакайней, аднак атрымалася так як атрымалася».

У першым тайме больш забітых галоў мы не ўбачылі. Пасля антракту Аляксей Бага і кампанія працягвалі атакаваць, аднак засмуціць галкіпера гасцей здолелі яшчэ толькі раз напрыканцы матчу, калі Яўген Яблонскі выдаў шыкоўны ўдар пад папярэчыну.

Яўген Яблонскі, паўабаронца ФК БАТЭ: «У прынцыпе ўсё гульню прэсінгавалі, стваралі моманты, вастрыню каля брамы суперніка, забілі добрыя галы. Каманда і трэнерскі штаб зрабілі добрую працу, і мы можам з узнятай галавой ісці далей».

У апошнія хвіліны БАТЭ стварыў сапраўдны навал на браму «Астаны», меў некалькі стоадсоткавых магчымасцяў павялічыць лік на табло, аднак мяч размінаўся са штангаю за некалькі сантыметраў.

Дзмітрый Бага, паўабаронца ФК БАТЭ: «Мы адзін аднаму паглядзелі ў вочы, аддалі ўсе сілы на полі, практычна выратавалі зыход двухматчавага супрацьстаяння. Для нас будзе навукай, што ў першым матчы нельга саступаць з такім буйным лікам».

Галоўны трэнер «Астаны» застаўся задаволены выхадам сваёй каманды ў наступны этап, аднак па гэтым матчы ў яго засталіся пытанні да сваіх гульцоў.

Раман Грыгарчук, галоўны трэнер «Астаны»: «Калі ты не кантралюеш гульню, то зразумела, будзеш шмат знаходзіцца ў абароне. Я ўжо з камандаю год і першы раз убачыў, каб у каго ногі звялі сударгамі. Звычайна гэта здараецца ў суперніка, а тут у нас. Патрэнаваліся сёння мы вельмі добра».

Менавіта на гэты факт, што футбалісты «Астаны» не раз падалі на полі, калі ім зводзіла сударгамі ногі, вельмі эмацыйна звярнуў увагу наш коўч Аляксей Бага, калі яму задалі пытанне пра фізічны стан беспасярэдне «жоўта-сініх». Цікавы факт, што за апошнія 10 сезонаў БАТЭ толькі тройчы не гуляў на групавым этапе еўракубкаў, прычым кожны раз спатыкаўся аб клубы з Казахстану: двойчы не праходзіў «Астаны» і яшчэ раз – «Шахцёра» з Караганды. За сёлетняю еўракубкавую кампанію барысаўская каманда папоўніла свой банкаўскі рахунак на 1 240 000 $, а наперадзе ў БАТЭ засталася толькі барацьба за медалі ў нацыянальным першынстве.

Дзмітрый Сухановіч, «Белсат»