Цвіль, фекаліі, смурод: жыхары Віцебску пакутуюць ад праблем з каналізацыяй

«Я сёння званіла – гэта Церашкова 28 корпус 4 – па прычыне аварыі ў нас у доме. Капае ў падвале, не капае, а ўжо лье. Нікога не было, напішыце паўторна», – спрабуе дамагчыся прыезду камунальнікаў жыхарка дому Ганна Шкірэева.

Жыць у смуродзе і задыхацца даводзіцца жыхарам шматпавярховіку ў Віцебску. Падвал залівае з каналізацыйных трубаў. Існуе праблема тры дзесяцігоддзі – з пачатку эксплуатацыі дому, кажуць закладнікі сітуацыі.

«Ноччу вады гарачай няма, гэта пастаянна. І часам нават днём адключаюць. І пах з пад’езду. Вельмі часта заходзіш – пахне каналізацыяй», – скардзіцца жыхарка дому Аліна.

«Плесня як пайшла з нізу, чарната страшная, і, напэўна, на другі паверх», – апісвае сцяну сваёй кухні Ганна Шкірэева.

Цвіль на сценах і брыдкі пах каналізацыі – гэта яшчэ кветачкі. Часам у кватэрах на першым паверсе здараецца сапраўдны патоп з фекаліяў. Жыхарка дому Ніна Іванова ўзгадвае:

«Фекаліі, усё паперла мне ва ўнітаз і ў ванну. І раней у мяне часта былі такія выпадкі. Сказалі, што трубы пракладзеныя няправільна».

Людзі баяцца, што страшэнная сітуацыя можа паўтарыцца ў любы момант. Каналізацыя па-ранейшаму цячэ. Да камунальнікаў жыхары звяртаюцца штомесяц. Адмыслоўцы прыязджаюць, чысцяць… А праз некалькі тыдняў усё пачынаецца наноў.

«Працаўнікі ЖКГ гавораць, што гэта праблема нас, жыхароў. Якая можа быць праблема нас, жыхароў, калі мы рэгулярна аплочваем усе камунальныя паслугі? І тое, што ў нас такая праблема, іх не хвалюе», – распавядае жыхарка дому Ніна Дзікусарава.

Датэлефанавацца да працаўнікоў ЖЭУ-14, каб атрымаць адказ, ці будзе па-сапраўднаму развязаная праблема, нам не ўдалося. У працоўны час на званкі ніхто не адказваў. У жыллёвым рамонтна-эксплуатацыйным трэсце Віцебску вінавацяць жыхароў: маўляў, тыя выкідаюць пабочныя прадметы і тым самым забіваюць каналізацыю.

Анастасія Русецкая, «Белсат»

Глядзі таксама