Ціск на актывістаў працягваецца


Вызвалення Андрэя Зуева чакалі родныя і паплечнікі амаль увесь дзень. Аднак увечары міліцыя паведаміла, што актывіста выпусцілі праз іншы выхад.

«Напэўна, міліцыя бачыла, што камера, што будуць інтэрв’ю браць. Імаверна, пабаяліся чарговага выказвання, чарговую праўду пачуць», – кажа Таццяна, жонка Андрэя Зуева.

Сустрэлі Зуева ўжо каля дому. Міліцыя даставіла яго сюды машынай. Тут жа, ля пад’езду, 8-га траўня яго затрымалі ды павезлі ў раённы аддзел міліцыі. Адкуль – наўпрост у наваполацкі Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў.

«Яны там онлайн судзілі, яны не вывозілі ў суд нікуды. Прыйшлі ў кабінет, апыталі – і ўсё», – кажа грамадскі актывіст Андрэй Зуеў.

Пакаранне за ўдзел у нібыта несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве – разам з іншымі паплечнікамі ён выказаў салідарнасць з затрыманым напярэдадні папулярным блогерам і крытыкам улады Сяргеем Ціханоўскім – не спыняе актывіста. Мужчына ўзначаліў ініцыятыўную групу «кандыдата пратэсту» Юрыя Касача на прэзідэнцкіх выбарах.

«Трэба, каб людзі сапраўды не баяліся, выходзілі ды казалі тое, што думаюць, не зважаючы на штрафы, содні. Не трэба баяцца, трэба выходзіць і казаць. Усіх не пасадзяць. Мы жывем на мяжы грандыёзнага шухеру, таму ўсё ў нас мусіць атрымацца», – кажа грамадскі актывіст Андрэй Зуеў.

Сёння ж з ізалятару часовага ўтрымання Пухавіцкага раёну пасля дзесяці содняў арышту мелі выпусціць блогера Уладзіміра Няронскага. Ён таксама браў удзел у акцыі падтрымання Ціханоўскага ў Магілёве. Вызвалення не адбылося.

«Афіцыйны прадстаўнік уладаў ад міліцыі сказаў, што ў працэсе адседкі Уладзімір быў яшчэ асуджаны на пяць содняў арышту дадаткова, за нібыта супраціў пры затрыманні», – распавёў прыхільнік Сяргея Ціханоўскага Алег Баброўскі.

Затрыманне ж прыхільнікаў Ціханоўскага – брутальна праводзіў АМАП.

«Падбеглі два амапаўцы ў цывільным. Не прадставіўшыся, не папрасіўшы адчыніць дзвярэй, яны адразу разбілі мне шкло ў аўтамабілі. Пабачыўшы гэта, мы выйшлі і здаліся самі без супраціву», – распавёў прыхільнік Сяргея Ціханоўскага Яўген Дубовік.

Ціск супраць актыўных прыхільнікаў блогера Сяргея Ціханоўскага і праціўнікаў акумулятарнага заводу ў Берасці – распачаўся сёлета на пачатку траўня. Паводле звестак праваабарончага цэнтру «Вясна», больш за паўсотні чалавек пакаралі арыштамі ад двух да 25-ці содняў, каля 20-ці асобаў атрымалі штрафы, і яшчэ прыкладна на 120 чалавек міліцыя склала пратаколы.

Юлія Лабанава, «Белсат»