Ці змогуць беларусы дажываць да 80 гадоў?

Жыць да 80 гадоў! Бо менавіта так мусіць выглядаць сярэдняя працягласць жыцця беларусаў у 2030-ым – паводле міністра працы і сацыяльнай абароны Ірыны Касцевіч. Ці ёсць у Беларусі для гэтага ўмовы і чаму гэтую тэму падымаюць чыноўнікі?

Павелічэнне працягласці жыцця беларусаў прадугледжвае дзяржаўная стратэгія «Годнае даўгалецце – 2030». Планы сапраўды напалеонаўскія: цяпер, паводле Белстату, беларусы жывуць у сярэднім 74,5 гады. Праз дзесяцігоддзе чыноўнікі спадзяюцца пахваліцца лікам 80.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

«Канечне, за 10 гадоў чалавеку, які пачаў п’янстваваць і парушаць здаровае харчаванне і іншае 40 гадоў таму, ужо складана нешта зрабіць… Могуць дажыць беларусы і да 150 гадоў, аднак трэба працаваць над сабой!» – кажа Аляксандр Сыкала, кандыдат медычных навук.

Ужо цяпер Беларусь сутыкаецца з праблемаю старэння грамадства: больш за 15 адсоткаў з нас – старэйшыя за 65 гадоў. А праз 10 гадоў прагназуецца, што 65-гадовы ўзрост перакрочыць кожны пяты. І хто будзе карміць армію пенсіянераў?

«Мы можам разважаць пра тое, што гэтая заява невыпадковая. Хутчэй за ўсё, за ёй стаіць намер усё ж такі зноў падыйсці, абгрунтаваць нейкім чынам падвышэнне пенсійнага ўзросту. Таму што мы бачым, што дэмаграфія ў бліжэйшым будучым не памяняецца», – распавядае Аляксандр Ярашук, старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

Улада плануе сярэднюю працягласць жыцця, аднак жыць столькі часу давядзецца нам з вамі. Што думаюць менскія мінакі пра міністэрскія планы?

«Можна вельмі проста дажыць. Трэба экалагічна чыста харчавацца, дыхаць свежым паветрам, спаць дастаткова і працаваць не больш за 8 гадзінаў».

«Не ведаю, як моладзі дажыць. Тут старыя не могуць».

«Яны мо й дажывуць, у іх добрая медыцына, я так думаю. А мы-то – сумняюся».

«Не ведаю, як іншым, а мне вельмі цяжка, бо мне ўжо 80 гадоў», – дзеляцца думкамі жыхары Менску.

У межах гэтае стратэгіі, сярод іншага, распрацоўваюць планы, як падтрымаць людзей перадпенсійнага ўзросту на рынку працы: вучыць іх новым тэхналогіям ды новым прафесіям.

«Спадзевы на тое, што працоўныя рэсурсы будуць папаўняцца моладдзю, не апраўдваюцца… У такіх абставінах самае дрэннае, што мы не бачым адэкватных захадаў з боку ўладаў па выпрацоўцы палітыкі занятасці», – кажа Аляксандр Ярашук.

Чыноўнікі хочуць, каб беларусы жылі да 80 гадоў. Але ці задумваліся яны, што людзям рабіць у гэтым узросце ў Беларусі? Бо не ўсе трымаюць прысядзібную гаспадарку на вёсцы. А ў гарадскім двары цяпер часта і стала не знойдзеш, каб хоць казла забіць. Выходзіць, толькі на лаве сядзець застаецца?

«У Японіі пажылыя людзі займаюцца і фізічнай культурай, і мастацтвам, і вывучаюць нейкія варыянты музыкі, і ўдзельнічаюць у тэатральных пастаноўках, і іншае. То бок яны павінны быць залучаныя ў гэты свет. Інакш гэта будзе бяда. Бо калі такі чалавек не ведае, куды яму галаву прысланіць, грамадства мусіць яму стварыць такую ячэйку, куды ён увойдзе са сваімі ўзроставымі асаблівасцямі», – кажа Аляксандр Сыкала.

Працягласць жыцця сярэдняга японца складае больш за 83 гады. І толькі цяпер у Краіне ўзыходнага сонца жыве больш за 70 тысячаў людзей, старэйшых за 100 гадоў. Японія застаецца краінаю з самым старым насельніцтвам у свеце. І самым актыўным. Беларусі ж да такіх паказнікаў пакуль вельмі далёка.

Зміцер Міцкевіч belsat.eu

Глядзі таксама