Ці ў СССР не было іншых варыянтаў? 80 гадоў пакту Молатава-Рыбэнтропа

23 жніўня 1939 года. Праз тыдзень на тэрыторыю Польшчы ўварвуцца гітлераўскія войскі, яшчэ праз 17 дзён Чырвоная армія захопіць усходнія тэрыторыі, патлумачыўшы гэта кампаніяй па выхваленні Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі.

80 гадоў таму СССР і Нямеччына падпісалі пакт аб неагрэсіі – дакумент, які фактычна і распачаў Другую сусветную вайну. Да дамовы далучаўся сакрэтны пратакол, які дзяліў Усходнюю Еўропу паміж таталітарнымі рэжымамі. Да СССР, апроч паловы тагачаснае Польшчы, таксама адыходзілі краіны Балтыі ды вырваная ў вайне 1940 года частка Фінляндыі. Савецкі Саюз зняпраўджваў існаванне сакрэтнага пратаколу ажно да 1989 года.

«Падпісанне пакту паміж СССР і Нямеччынай было выключна ў інтарэсах дзвюх дзяржаваў, падзяленне сфераў уплыву. І таму калі сёння пачынаюць разважаць – нават на днях адкрылася выстава МЗС Расеі, і Лаўроў, дэманструючы арыгінал пакту, зноў сказаў, што ў Савецкага Саюзу не было варыянтаў, бо заходнія дэмакратыі зацягвалі перамовы і трэба было штосьці вырашаць, – гэта абсалютная фальсіфікацыя. Бо яна не адпавядае падзеям, што адбываліся ў той час», – адзначае гісторыі Ігар Кузняцоў.

Нават сёння падпісанне дакументу ў краінах, чыю гісторыю ён змяніў, трактуюць па-рознаму. У расейскіх падручніках гісторыі яго тлумачаць складанаю палітычнаю сітуацыяй, што была тады ў свеце:

«Адмова СССР ад ранейшай палітыкі барацьбы з агрэсіўнымі памкненнямі Нямеччыны рэзка змяняла суадносіны сілаў у Еўропе. І ў Маскве, і ў Берліне цудоўна разумелі, што пакт забяспечвае Нямеччыне свабоду дзеянняў. Гэткім чынам СССР быў узнагароджаны сакрэтным пратаколам». (Паводле «Сусветнай гісторыі ХХ ст.» Загладзіна Н.В., 2000)

Ва Украіне, заходнія рэгіёны якой, паводле савецкай прапаганды, вызвалілі ад засілля польскай буржуазіі, пакт Молатава-Рыбэнтропа і сакрэтны пратакол называюць, цытата, «учынкам працяглай савецка-нямецкай супрацы і паэтапнага збліжэння ў міжваенны перыяд».

У Беларусі, што, як і Украіна, атрымала ў 39-м годзе дадатковыя тэрыторыі, падзею называюць, цытата, «імкненнем ураду Сталіна выйграць час для заканчэння мерапрыемстваў для ўзмацнення абароназдольнасці краіны».

«Калі мы бярэм ацэнку іншымі краінамі гэтага перыяду, і ўвогуле сёння мы павінныя ацэньваць інакш, якія наступствы меў той пакт для цяперашняй Украіны, Беларусі ды ўрэшце для Расеі», – адзначае Ігар Кузняцоў.

Пакт Молатава-Рыбэнтропа падпісалі на 10 гадоў, прадугледжвалася ягоная 5-гадовая пралангацыя, але дзеянне дакументу спынілася 22 чэрвеня 1941 года.

Ігар Віняўскі, Ірына Дарафейчук belsat.eu

Глядзі таксама