Ці сыход прэзідэнта Балівіі – гэта канец сацыялізму са смакам кокі?


Масавыя пратэсты ў Балівіі: да іх далучыліся паліцыянты, і іх падтрымалі вайскоўцы. Патрабаванні – адстаўка прэзідэнта Эва Маралеса і новыя прэзідэнцкія выбары.

У выніку Эва Маралес звяртаецца да нацыі:

«Да маіх братоў і сясцёр Балівіі ды ўсяго свету! Я хачу паведаміць вам, што я тут з віцэ-прэзідэнтам і міністрам аховы здароўя. Выслухаўшы сваіх сяброў з Федэрацыі сацыяльнага руху і Балівійскага працоўнага цэнтру, а таксама прыслухаўшыся да Каталіцкай Царквы, я пастанавіў сысці з пасады прэзідэнта».

Ён кіраваў краінаю 14 гадоў і рэпрэзентаваў пакаленне левых лідараў, якія дамінавалі ў лацінаамерыканскай палітыцы на пачатку 21 стагоддзя.

«Найгоршы вораг чалавецтва – капіталізм. Гэта тое, што правакуе паўстанні, падобныя да нашага: пратэст супраць сістэмы, супраць неаліберальнай мадэлі, якая ёсць увасабленнем дзікага капіталізму. Калі ўвесь свет не прызнае гэтай рэальнасці, што дзяржавы не даюць нават мінімальнай аховы здароўя, адукацыі і харчавання, то кожны дзень будуць парушацца фундаментальныя правы чалавека», – раней казаў Эва Маралес.

Антыамерыканская рыторыка, абяцанні нацыяналізаваць газавую прамысловасць краіны, а таксама лігалайз у дачыненні вырошчвання кокі – сыравіны для вытворчасці какаіну – дапамаглі яму перамагчы ў выбарах у 2005 годзе. Дарэчы, раней ён рэпрэзентаваў прафзвяз вытворцаў кокі, гэта значаная частка балівійскага сялянства.

«Мы хочам захаваць Эва на пасадзе прэзідэнта, бо ён ведае, як гэта – жыць у вёсцы. У яго было такое самае жыццё, як і ў нас, з маладых гадоў ён пакутаваў разам з усімі намі. Менавіта таму мы хочам, каб ён перамог», – кажа культыватар кокі Эрміньё Валлеха.

Між тым, палітычная апаненты вінавацяць ягоны ўрад у карумпаванасці і парушэнні дэмакратычных прынцыпаў. Сёлетнія прэзідэнцкія выбары сталіся апошняю кропкай. Абурэнне выклікаў сам факт, што Маралес вылучыўся на чацвёрты прэзідэнцкі тэрмін, нягледзячы на абмежаванні ў заканадаўстве. Апроч таго, міжнародныя назіральнікі ў хадзе выбараў выявілі сфальшаваныя подпісы і масавыя маніпуляцыі з вынікамі галасавання.

«У нас яшчэ ёсць Нікарагуа, у нас яшчэ ёсць Куба. Балівія станецца надзеяй для ўсёй Лацінскай Амерыкі, каб камунізм сышоў, ды ў рэгіёне настала свабода і дэмакратыя», – заявіў балівійскі апазіцыйны лідар Люіс Фэрнанда Камача.

Разам з Эва Маралесам у адстаўку падаў амаль увесь урад. Кіраўніцтва Мексікі прапануе былому прэзідэнту палітычны прытулак, аднак ён заяўляе, што пакідаць краіну не плануе. Чаго нельга сказаць пра іншых важных чыноўнікаў. Кіраўніцу мясцовага аналагу выбарчай камісіі Марыю Эўхэнію Чоке, пераапранутую мужчынам, затрымалі пры спробе ўцячы з Балівіі. Яе чакае суд – за фальсіфікацыю вынікаў выбараў.

А Балівію чакаюць новыя выбары. Іх дату мае абвесціць Хэанінэ Аннес – другая віцэ-спікерка краіны, якая сёння афіцыйна пачала часова выконваць абавязкі кіраўніка краіны.

Ян Вярбіцкі belsat.eu

Hавiны
Прэзідэнт Балівіі падаў у адстаўку
2019.11.11 06:30
Меркаванні
Падзенне Маралеса – урок для Пуціна і Лукашэнкі
2019.11.11 15:22
Hавiны
У Балівіі будуць судзіць калегаў Ярмошынай
2019.11.11 10:12