Ці стане свята «100 гадоў БНР» масавым?


Адкрыцця мемарыяльнай дошкі да стагоддзя БНР, запланаванага на заўтра, не адбудзецца – менскія ўлады не ўзгаднілі працэсу яе ўсталявання. Але рыхтаванне да свята 25-га сакавіка працягваецца – менчукі вучаць гімн Беларускай Народнай Рэспублікі ды распаўсюджваюць улёткі – запрашэнні на канцэрт. Не губляюць часу і пракрамлёўскія антыбеларускія рэсурсы ды выдаюць новую порцыю прапаганды.

Выйшлі, каб адчуць настрой, але галоўнае – распавесці пра Беларускую Народную Рэспубліку і запрасіць на святочны канцэрт. Аб’яднаная грамадзянская партыя правяла акцыю каля сталічнага гандлёвага цэнтру «Імпульс» ды раздала мінакам запрашэнні на Свята незалежнасці, што адбудзецца 25-га сакавіка каля Опернага тэатру.

«Сёння па нейкіх праблемах людзі самыя шукаюць інфармацыю. А вось пра БНР – тут усё ж такі трэба да людзей ісці. І таму вельмі важна, каб такія магчымасці былі», – кажа старшыня Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Новую магчымасць даведацца пра свята менчукі атрымалі і напярэдадні, калі праходзілі каля гандлёвага цэнтру «Галерэя». На самым вялікім экране ў Менску зʼявілася запрашэнне на Свята незалежнасці. Запрашэнні на канцэрт зʼявіліся і ў іншых фарматах – актывісты абʼяднання «Альтэрнатыва» размясцілі адмысловыя плакаты ў самых папулярных грамадскіх месцах беларускае сталіцы.

БНР працягвае намыльваць вока расейскім шавіністам

На сайце Фонду стратэгічнай культуры зʼявіўся артыкул, дзе як мантру паўтараюць міфы пра БНР як праект кайзераўскай Нямеччыны. Нагодаю для новай порцыі прапаганды стаўся заклік каталіцкіх біскупаў да вернікаў памаліцца да сотых угодкаў абвешчання БНР падчас набажэнстваў 25-га сакавіка.

«Я думаю, што гэта адзін з тых рэсурсаў, на які трэба зважаць чыста як на пагрозу грамадскай бяспекі, але не на як нешта саліднае, як на волевыяўленне ўсяго расейскага народу», – мяркуе сустаршыня БХД Павел Севярынец.

У той жа час Беларуская праваслаўная царква, як паведаміў раней мітрапаліт Павел, не будзе праводзіць якія-кольвек імпрэзы з нагоды Дня Волі. Аднак самых арганізатараў святочнага канцэрту гэтая адмова не збянтэжыла – яны па-ранейшаму запрашаюць праваслаўных святароў на свята ды прапануюць выступіць ім каля Опернага тэатру з віншавальнаю прамоваю.

Віталь Бабін, «Белсат»