Ці пасадзяць блогера за фільм пра Лукашэнку?


З будынку Ленінскага РУУС Менску Павел Спірын сёння мог і не выйсці. Але пайшоў пасля тэлефанавання міліцыянта добраахвотна – бо не лічыць сябе вінаватым. Яго выклікалі, як аўтара дакументальнага фільма «Айчым», прысвечанага Аляксандру Лукашэнку і цяперашняму дзяржаўнаму ладу.

Пакуль толькі зрабілі экспертызу голасу

«Калі ўсё завершыцца і, магчыма, зменіцца мой працэсуальны статус, то бок я буду абвінавачаным ці падазраваным паводле канкрэтнай крымінальнай справы, яны дадуць мне матэрыялы на прачытанне, тады я канкрэтна пабачу, чым я ўжо мог абразіць гэтага чалавека. Я нават не ўяўляю. Фільм здымаўся шчыра, адэкватна, за кожным артыкулам стаіць праўдзівая гісторыя ці праўдзівая інфармацыя», – даводзіць Павел Спірын.

Хоць Паўлу і пагражае 2 гады пазбаўлення волі, ён не хавае аўтарства. Мянчук сам рассылаў фільм пракурорам і суддзям, каб паказаць несправядлівасць лукашэнкаўскай сістэмы ўлады.

«Фільм паглядзела пераважная большасць дзяржаўных службоўцаў Беларусі, у тым ліку суддзі, пракуроры, КДБ, МУС. У цэлым фільм спадабаўся ўсім», – зазначыў Павел.

«Айчым» быў апублікаваны ў снежні

Фільм алегарычна распавядае гісторыю сям’і, дзе жорсткі і наглы чалавек ажаніўся на маці-радзіме, і стаў ператвараць у рабоў дзяцей-беларусаў, называючы сябе «Бацькам». А для сваіх нашчадкаў «айчым» не шкадуе нічога.

Юрыст, былы працаўнік жыллёва-камунальнай сферы, Павел Спірын пісаў і відэа-вершы, прысвечаныя то старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай і дэпутатам, то кіраўніку Міністэрства ўнутраных справаў Ігару Шуневічу.

Чыноўнікі ігнаравалі відэаблог Паўла

Ігнаравалі, пакуль фільм «Айчым» не набраў больш за 400 тысячаў праглядаў. І вось зацікавіліся. Падобна, КДБ, пракуроры і міліцыя адкрылі для сябе «Youtube», як месца для зарабляння зорачак на пагоны, кажа яшчэ адзін відэаблогер Сцяпан Святлоў. 19-гадовы студэнт і журналіст «Белсату» – аўтар папулярнага блогу NEXTA. Яму цяпер таксама пагражае крымінальная справа за нібыта абразу Лукашэнкі.

Міліцыянты вядуць праверку супраць Сцяпана паводле заявы нейкай Яўгеніі Грыб з вуліцы Любімава ў Менску. Невядомая жанчына пабачыла абразу кіраўніка дзяржавы, напрыклад, у роліку «Лукашэрлак і Беспредел». «Белсат» паспрабаваў знайсці заяўніцу.

Паводле пазначанага ў дакументах адрасу не знайшлося ані дому, ані кватэры.

Таямнічая справа, без «Лукашэрлака» не разабрацца.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»