Ці будзе ў Варшаве БРСМ?


Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі не плануе адкрываць філіял у Варшаве, але хто і навошта цікавіўся ў варшаўскіх беларусаў, ці яны гатовыя за 200 рублёў на месяц браць удзел у акцыях дзеля падтрымання афіцыйнага Менску?

Андрэй Маслякоў вядомы, як кажуць, інтэрнэт-троль. Але пасля таго, як медыі апублікавалі ягоную перапіску з карыстальнікам «УКантакце», дзе ён заахвочваў браць удзел у праплочаных мітынгах ад імя БРСМ, ён сам перастаў адказваць на пытанні журналістаў.

У сваім профілі «УКантакце» Маслякоў пазначаны нібыта сакратаром суполкі БРСМ у пасёлку Акцябрскі Гомельскай вобласці. Але ў Цэнтральным камітэце арганізацыі «Белсату» распавялі, што наагул пра Маслякова нічога не ведаюць.

«Вядома, гэта не праўда… ніхто пра гэтага чалавека нічога не ведае, і ён кажа рэчы, якія ўвогуле супярэчаць статуту. У нас чальцамі могуць быць або грамадзяне Беларусі, або замежнікі, але яны павінныя стала жыць у Беларусі. Мы катэгарычна асуджаем, і ніякага дачынення да нас ён не мае», – кажа першы сакратар ЦК ГА «БРСМ» Дзмітрый Варанюк.

Дырэктар Беларускага дому ў Варшаве, Алесь Зарэмбюк, не выключае, што да фэйку могуць мець дачыненне і спецслужбы. Колькасць беларусаў у Варшаве штогод расце, толькі ў мінулым акадэмічным годзе ў польскіх ВНУ навучаліся больш за 5 тысячаў маладых людзей з нашае краіны.

«Такія фэйк-ньюсы, яны пакліканыя, так бы мовіць, прамацаць глебу, наколькі такая ініцыятыва знайшла б тут глебу і наколькі такая пляцоўка магла б тут паўстаць», – лічыць сустаршыня Беларускага дому ў Варшаве Алесь Зарэмбюк.

Улада Беларусі шмат увагі надае моладзевай палітыцы, кажа суразмоўца «Белсату», але хэдлайнеры паводле колькасці той жа БРСМ, які афіцыйна налічвае паўмільёна чальцоў, ніяк не могуць пазбавіцца савецкай спадчыны, якая не надта цікавіць моладзь.

«Моладзевая палітыка Беларусі зашмат ідэалагізаваная. Усё ж такі маладыя людзі, якія нарадзіліся, сфармаваліся і сацыялізаваліся ў незалежнай Беларусі, для іх, безумоўна, больш важныя еўрапейскія каштоўнасці, вандроўкі, усё тое, што мы звязваем з сучасным заходнім светам», – кажа Зарэмбюк.

Моладзевыя ініцыятывы ўнутры Беларусі неаднаразова выступалі з ідэяй стварыць адзіны дзяржаўны фонд падтрымання, кажа актывіст «Моладзі БНФ» Юры Лукашэвіч. Але дзяржава робіць выгляд, што ў краіне існуе толькі адная моладзевая арганізацыя, якая атрымлівае дзяржаўнае фінансаванне.

Толькі летась з бюджэту БРСМ атрымаў больш за 6 млн рублёў.

«На сённяшні дзень толькі БРСМ атрымлівае нейкія грошы, і няма магчымасці звярнуцца іншым арганізацыям, каб правесці нейкі летнік, нейкія беларускія мерапрыемствы. Было б добра, каб была канкурэнцыя, каб і БРСМ, і «Моладзь БНФ» маглі браць удзел (у конкурсах на фінансаванне) і самая моладзь глядзела б – хто лепшы, хто перспектыўнейшы і г.д», – мяркуе сябра Рады Моладзі БНФ Юры Лукашэвіч.

Калі не БРСМ, то хто гатовы стаць спонсарам Маслякова, які захапляецца Лукашэнкам ды Пуціным? Свае прапановы аб заробку на 200 рублёў сам ён называе эксперыментам.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат»