Ці баіцца Лукашэнка рэферэндуму?


Чакалі закліку да пратэстаў ад Віктара Бабарыкі, а пачулі заклік правесці рэферэндум, каб аднавіць Канстытуцыю 94-га года з абмежаванымі паўнамоцтвамі прэзідэнта. Ці прыслухаюцца ўлады да волевыяўлення народу? Высвятляў Аляксандр Папко.

Цяперашняя Канстытуцыя не для жанчыны – так ацаніў абсяг прэзідэнцкіх паўнамоцтваў Аляксандр Лукашэнка.

«Нават мужыку цяжка несці гэты цяжар. А калі яго загрузіць на жанчыну, яна рухне, небарака», – заявіў кіраўнік Беларусі.

Да лягчэйшага варыянту з меншымі паўнамоцтвамі прэзідэнта прапанаваў вярнуцца Віктар Бабарыка. Ён заклікаў правесці рэферэндум, каб аднавіць Канстытуцыю ў рэдакцыі 1994-га года.

«Дзе ўжо было прадугледжанае і абмежаванне прэзідэнцкіх тэрмінаў, і самае сапраўднае раздзяленне нашых трох галінаў улады», – нагадаў у відэазвароце апанент Лукашэнкі.

Паводле Канстытуцыі-94, асноўная ўлада належала не прэзідэнту, а парламенту. Вярхоўны Савет прызначаў урад, абвяшчаў рэферэндумы, абіраў суддзяў Вярхоўнага і Канстытуцыйнага судоў, а таксама прызначаў Цэнтральную выбарчую камісію.

«А самае галоўнае, відаць, з-за чаго і спрабуюць аб’явіць рэферэндум, – гэта правы прэзідэнта, якія ён атрымаў. У прыватнасці, гэта права выдаваць дэкрэты, якія маюць сілу закону», – зазначае былы суддзя Канстытуцыйнага суда Валерый Фадзееў.

Якія пытанні хацелі б вынесці на рэферэндум нашыя грамадзяне?

«Два тэрміны – і хопіць!»

«Павялічыць заработную плату, я думаю, для пенсіянераў і моладзі».

«Я б хацела бачыць парламенцкую рэспубліку, я б хацела бачыць рэальную ўладу народу, я б хацела бачыць еўрапейскую мадэль жыцця ў Беларусі».

«Два тэрміны – не больш! Галіны ўлады падзеленыя, а не так, каб нехта наверсе быў цар, а ўсе астатнія – яго рабы!» – кажуць жыхары Менску.

Каб правесці народнае галасаванне, трэба зарэгістраваць ініцыятыўную групу ў Цэнтрвыбаркаме. Пытанне, якое выносіцца на рэферэндум, павінныя зацвердзіць Генеральная пракуратура і Міністэрства юстыцыі. Затым трэба сабраць 450 тысяч подпісаў. На кожным этапе ўлады могуць перашкодзіць.

«І самае галоўнае: вынік гэтага рэферэндуму вызначае Аляксандр Лукашэнка. Ён можа надаць яму статус рэкамендацыі, а можа надаць статус рашэння, якое мае сілу закону», – падкрэслівае дырэктар арганізацыі «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька.

Віктара Бабарыка запрапанаваў рытуал, які расцярушыць пратэставую энергію нашага грамадства, адзначае палітолаг Павел Усаў. На ягоную думку, трэба пайсці іншым шляхам.

«Гэта агульныя ўсебеларускія пратэсты. Гэта тое, што не толькі дапаможа абараніць грамадзянаў, але і пачне ціск на ўлады і змусіць іх да саступак. Аднак павінная быць усеагульная, усебеларуская мабілізацыя, усеагульны, усебеларускі пратэст, які закране большасць гарадоў, тое, што мы бачылі ўчора», – кажа Павел Усаў.

Сам жа былы кіраўнік «Белгазпрамбанку», хоць і застаецца за кратамі, не здаецца: сёння ягоная каманда падала ў ЦВК пакет дакументаў для рэгістрацыі Бабарыкі ў якасці кандыдата на прэзідэнцтва.

Аляксандр Папко, «Белсат»