Цэнтралізаваных дзяржаўных захадаў змагання з каронавірусам усцяж няма


Пінская цэнтральная больніца ўчора пачала працу ў рэжыме інфекцыйнага шпіталю. Такі ж інфекцыйны шпіталь дзее і на базе Столінскай раённай больніцы, дзе паводле стану на 7-га траўня лячыліся 146 пацыентаў з дыягназам «пнеўманія». Пры гэтым станоўчых тэстаў на Ковід-19 у раёне зарэгістравалі 107.

Цэнтралізаваных дзяржаўных захадаў змагання з каронавірусам усцяж няма. Як няма і дакладнай інфармацыі пра эпідэміялагічную сітуацыю ў краіне.

«Таму што маўчаць, таму што Аляксандр Грыгор’евіч забараніў гаварыць усім».

«Калі б мы ведалі, то людзі больш сур’ёзна да гэтага ставіліся б, маглі б па-іншаму паводзіцца, неяк засцерагацца», – кажуць жыхары Бабруйску.

Засцерагальныя захады ў краіне па-ранейшаму носяць характар асобных ініцыятываў. Беларуская федэрацыя футболу перанесла матч першай лігі паміж «Гомлем» і дзяржынскім «Арсеналам» праз падазрэнне на каронавірус у аднаго з гульцоў. Беларусь застаецца адзінай краінай Еўропы, дзе працягваюцца футбольныя турніры.

Але каманды ў краінах, дзе паслабляюць каранцінныя меры, ужо пачалі трэнаванні. ФІФА распрацавала новыя часовыя правілы гульні, між іншага камандам дазволяць рабіць санітарныя перапынкі падчас матчу і пяць заменаў замест трох. Бундэсліга Нямеччыны стане першай буйной еўрапейскай лігай, якая адновіць гульні. Матчы ў ёй пачнуцца 16-га траўня.

Сусветная арганізацыя здароўя ў змаганні з інфекцыяй заклікае да салідарнасці.

«Вырашальным фактарам перамогі над воспай стала глабальная салідарнасць. Такая ж салідарнасць, заснаваная на нацыянальным адзінстве, патрэбная цяпер, як ніколі, – каб перамагчы COVID-19. Вынікам воспы была не толькі ліквідацыя хваробы, гэта была дэманстрацыя таго, што калі свет аб’ядноўваецца, – магчыма ўсё», – кажа генеральны дырэктар САЗ Тэдрас Гебрэесус.

Да скаардынаваных дзеянняў заклікае і Еўракамісія. Праз пандэмію каронавіруса краінам Шэнгенскай зоны рэкамендуецца працягнуць абмежаванні на ўезд у Еўразвяз да 15-га чэрвеня. Сітуацыя застаецца няўстойлівай як у Еўропе, гэтак і ў свеце, падкрэслівае інстытуцыя.

У шэрагу еўрапейскіх краінаў распачынаюцца турыстычныя сезоны. Балгарыя з 13-га траўня здыме забарону на турыстычныя паездкі па краіне і пачне адкрываць гатэлі. На пачатку наступнага тыдня чакаюць першых турыстаў і гатэлі Сербіі. Аўстрыя плануе адкрыць мяжу з Нямеччынай, а Літва, Латвія і Эстонія паслабляюць абмежаванні пры перамяшчэнні паміж краінамі.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»