Царкоўны раскол набірае абароты. РПЦ можа спыніць стасункі з Іерусалімам

Царкоўны раскол працягвае набіраць абароты. Расейская праваслаўная царква не абмежавалася прыпыненнем стасункаў з Канстанцінопалем, ды прыгразіла яшчэ Іерусалімскаму патрыярхату. Навошта РПЦ ідзе на ўзмацненне ізаляцыі? Ды як канфлікт паўплывае на вернікаў?

Прыпыніць служэнне з Іерусалімскім патрыярхатам. Пайсці на гэткі крок Расейская праваслаўная царква паабяцала, калі Іерусалім падтрымае рашэнне аб наданні Украінскай праваслаўнай царкве аўтакефаліі.

Пётр Рудкоўскі, дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў:

«Калі Маскоўскі патрыярхат аж так далёка пайшоў, што разарваў адносіны з Канстанцінопальскім з-за аўтакефаліі Украіне, то, вядома, лагічным будзе таксама не пагаджацца на тое, каб на такім святым месцы, як Магіла Гасподня, не ўкраінскія аўтакефальныя праваслаўныя не маглі служыць».

Наведваць праваслаўныя манастыры на гары Афон у Канстанцінопалі вернікам, падведамных Маскоўскаму патрыярху, цяпер можна толькі ў якасці турыстаў. І прыхаджанам, якія парушаць распараджэнне Сіноду, трэба будзе пакаяцца. Духавенству ж у выніку непаслушэнства пагражае забарона на святарства.

Жыхары Віцебску каментуюць:

«Мне здаецца, кожны чалавек сам вольны абіраць, куды яму хадзіць. І ніхто не мае права ўказваць».

«Я думаю, што не кожны чалавек разбіраецца, дзе Канстанцінопальская царква, а дзе – не».

«Я лічу, што Бог адзіны для ўсіх рэлігіяў, і жаданне сэрца нельга вызначыць наведваннем нейкай канкрэтнай святыні. Вернік звяртаецца да Бога наўпрост. Гэта не царквы справа, а асабістая».

«Царква, мне здаецца, увогуле ў палітыку не мусіць улазіць. Каб такое здарылася! Я ў шоку!»

Між тым, як адзначыў гісторык Анатоль Сідарэвіч у размове са Святланай Калінкінай на«Белсаце», выказванні Расейскай праваслаўнай царквы заўчасныя і легкадумныя. Працэс аб’яднання вернікаў Кіеўскага патрыярхату гэтак званай незалежнай царквы і вернікаў Маскоўскага патрыярхату ва Украіне можа забраць гады. А таму навошта абвяшчаць таемствы, што адбываюцца ў праваслаўнай царкве паводле ўсіх канонаў, нібыта несапраўднымі?

Анатоль Сідарэвіч, гісторык, палітолаг:

«Ідзе ж барацьба. Не за правільную веру, а за ўладу над душамі. Дакладней кажучы – ідзе барацьба за грошы. За парафіі. За будынкі. За царкоўныя касы: якая царква будзе атрымліваць цяпер?»

Дарэчы, расейскія грамадзяне не шкадавалі грошай на ахвяраванні для манастыроў на святой гары Афон, што пад юрысдыкцыяй Канстанцінопальскага патрыярхату. Паводле розных падлікаў, ад 2005 года расейцы ўклалі сюды каля двухсот мільёнаў долараў.

Наведнікі Афону Кажуць:

«Для нас няма розніцы, ці Канстанцінопальскі Сінод, ці расейскі праваслаўны Сінод. Што датычыць паездак на Афон, гэтак зрабіла святая Багародзіца, што мы паехалі ў гэты час сюды. Значыць – так трэба было. Таму для нас няма розніцы, мы ўсё роўна будзем прыязджаць сюды не раз. І заўсёды будзем маліцца».

«Наведалі тры манастыры – калі ласка, маліцеся. Ніякіх забаронаў мы не ўбачылі. Тыя людзі, што прыехалі з Расеі, – так, яны не падыходзілі, не прычашчаліся, але ўсё роўна хадзілі і маліліся».

«Бываюць місіянерскія групы, яны бываюць і з Беларусі, і з Украіны, і з Расеі ў тым ліку. На гэтым фоне, калі мы выпраўляемся ў сад Святой Багародзіцы, у нас ніколі не ўзнікае пытанняў палітычнага характару, нейкага рэлігійна-правакацыйнага».

Аднак галоўнай прычынаю, паводле экспертаў, чаму Маскоўскі патрыярхат ідзе на свядомую ізаляцыю – сфера ўплываў. Бо наданне аўтакефаліі УПЦ яшчэ больш аддаліць Украіну ад сферы ўплыву Крамля.

Юлія Лабанава, belsat.eu

Глядзі таксама