«Трэба карміць сям’ю». Як працуе «Поле цудаў» падчас пандэміі

Ёсць такія месцы, якія прыцягваюць людзей нягледзячы ані на што. Сталічны рынак «Ждановічы» – адное з іх. Мы паехалі туды, каб спраўдзіць: ці перашкаджае каронавірус гандлю.

Менск, велікодная нядзеля, адзін з самых вялікіх сталічных блышыных рынкаў, «Поле цудаў». Сёння тут нечакана нешматлюдна. Але некаторыя людзі ўсё-ткі прыехалі, каб набыць вопратку, сантэхніку ці нават рарытэты савецкага часу. Вось што кажуць наведнікі рынку:

«Не баюся, не страшна. Але так, ёсць засцярогі, канечне. Але асабліва не страшна»

«Я ўсім раю: не трэба губляць прысутнасці духу. Калі будзеш сябе накручваць… Ну што той вірус: у нас жа не чума ўрэшце»

«Справа ў тым, што ўсё ў галаве. Вірус… Як бы ўсе хварэюць. Восень, вясна… Гэта проста грып »
Асноўныя захады бяспекі пры каронавіруснай інфекцыі – маскі, пальчаткі, антысептыкі. Але знайсці на рынку чалавека ў масцы – не вельмі проста. Ці баяцца прадаўцы за ўласнае здароўе? У кожнага свой адказ.

«Бачыце: я ў пальчатках, масцы, акулярах. Я не прывыкла анічога баяцца. Здаравейшая будзеш! Мне зусім не страшна. Хоць у мяне і ўзрост за 50.

«А карміць дзяцей, а карміць сям’ю трэба ж за штосьці. Таму і працуем. Анічога не баімся»

«Няхай грэшнікі баяцца каронавіруса»

Сёння на рынку наведнікаў менш, чым гандляроў. Прадаўцы наракаюць – гандаль ідзе не вельмі спрытна ўжо даволі доўгі час.

«Гэта жах! За 12 гадзінаў, што я тут: ад 5 раніцы да 5 вечара, я нагандлёваю тут на працягу двух месяцаў 10 рублёў на дзень. Гэта калі сказаць – больш смешна за каронавірус», – кажа мужчына, які гандлюе вопраткай.

Тым не менш, прадаўцы закрывацца не плануюць. Бо кажуць, што іншых крыніцаў заробку не маюць, а значыць – будуць гандляваць, пакуль тое магчыма.

Ксенія Тарасевіч, «Белсат»

Глядзі таксама