«Транснефть» плануе падмешваць брудную нафту ў чыстую

Ужо з наступнага тыдня расейская кампанія «Транснефть» плануе падмешваць брудную нафту ў чыстую, паведамляе агенцтва «Ройтэрз». Расейскія нафтакампаніі выступаюць супраць такога спосабу ачышчэння трубаправодаў. А што ж Менск?

Падчас нарады ў расейскім Міністэрстве энергетыкі кампрамісу знайсці не ўдалося. Больш за тое, варыянт «Транснефти», прапанаваны падчас гэткай сустрэчы, ужо ўзгаднілі, паведамляюць крыніцы «Ройтэрз». Адметна, што інфармацыя з’явілася акурат падчас чарговай сустрэчы кіраўнікоў Беларусі і Расеі, падкрэслівае эканаміст Яраслаў Раманчук:

«Відавочна, што папахвае не толькі галавацяпствам, як кажа адзін палітык, але і іншым, нейкаю правакацыяй, спосабам заблакаваць гэткае транспартаванне нафты».

Захада паступовага падмешвання нафты з высокаю колькасцю хлораарганікі ў чыстыя плыні безумоўна прывядзе да змены якасці расейскае сыравіны, якая, як зазначаюць крыніцы агенцтва «Ройтэрз», можа ўтрымліваць брудныя элементы ажно да 2021 года.

«Яны хацелі б скараціць кошты за кошт таго, што ў трубу будуць запампоўваць нейкія хімічныя рэагенты, а гэтыя рэагенты будуць ачышчаць трубу ад таго бруду, які раней быў у яе запампаваны», – тлумачыць Яраслаў Раманчук, эканаміст.

Праз забруджаную расейскую нафту Менск ужо панёс вялізныя страты, што прывяло да падзення экспарту нафтапрадуктаў за першыя 5 месяцаў года ажно на 20 адсоткаў – да 2 мільярдаў трохсот мільёнаў долараў.

Таццяна Манёнак, эканамічная аглядальніца, «BELRYNOK.BY»:

«Кампанія «Транснефть», каб зменшыць пералік жывых грошай, будзе імкнуцца да таго, каб паскорыць абʼём паставак якаснай нафты. І будзем спадзявацца, што беларускія НПЗ змогуць скампенсаваць гэтыя страты».

У той жа час рэзка скараціўся і імпарт расейскіх нафтапрадуктаў, сведчыць статыстыка. За студзень – травень Беларусь купіла ўсяго крыху больш за 35 тысячаў тонаў нафтапрадуктаў на агульную суму 20 мільёнаў долараў. І калі ў грашовым вымярэнні пастаўкі ў параўнанні з аналагічным перыядам летась скараціліся ў 33 разы, то ў фізічным – ажно ў 50!

«Гэта вельмі істотнае зніжэнне, вялізныя аб’ёмы. Таму гэта праблема для Беларусі, якая б магла зарабляць на рээкспарце расейскіх нафтапрадуктаў, гэта вялікія страты для беларускага бюджэту», – дадае Таццяна Манёнак, эканамічная аглядальніца, «BELRYNOK.BY».

Скандал з бруднаю расейскаю нафтай узнік акурат падчас спрэчак паміж Менскам і Масквою адносна кампенсацыі для нашай краіны за падатковы манеўр. З тае прычыны, паводле падлікаў Міністэрства фінансаў Беларусі, толькі цягам гэтага года нашая краіна можа страціць да паўмільярда долараў.

Віталь Бабін, belsat.eu

Глядзі таксама