Трагедыя ў Стоўбцах. Падазраваны ў забойстве школьнік вучыўся на выдатна і сябраваў з аднакласнікамі


Школьнік зарэзаў настаўніцу, аднакласніка і яшчэ дваіх чалавек параніў. Пасля гэтага нападнік уцёк са школы. Яго затрымалі праз 2 гадзіны. Што магло стаць прычынай гэтага жудаснага здарэння? Зміцер Міцкевіч з месца трагедыі.

Стаўбцоўская сярэдняя школа нумар два, менавіта тут і адбылося жахлівае здарэнне. Паводле папярэдняй інфармацыі, старшакласнік Вадзім М. напаў з нажом на настаўніцу ды іншых навучэнцаў. Загінулі 50-цігадовая настаўніца і школьнік. Яшчэ двое падлеткаў – у рэанімацыі. Сяргей Міхневіч, дзядуля аднакласніцы падазраванага, распавядае:

«Адразу зайшоў – і да настаўніцы. Усе дзеці сядзелі. Кажуць, нічога не зразумелі, пакуль не ўбачылі кроў. Тады ўжо ўсе на калідор пачалі выскокваць».

Сяргей Кабаковіч, кіраўнік прэс-службы СК РБ:

«Настаўніца загінула на месцы здарэння. Праз некаторы час ён выйшаў з класу, зайшоў у суседні і таксама нанёс нажавыя раненні вучню 11 класа 2001 года нараджэння, ад якіх той, на жаль, згінуў на месцы здарэння».

Паводле суразмоўцаў «Белсату», падазраваны планаваў напад заранёў: адмыслова прыйшоў у школу да пачатку заняткаў, а перад гэтым выдаліў сваю старонку з сацыяльных сетак.

«А цяпер паасобку ўсе – замкнуцца і ў тэлефонах больш, у інтэрнэце сядзяць. Мне здаецца, у іх з галовамі цяпер нешта не так».

«Надта шмат усяго даступна цяпер дзецям. Няма таго, як некалі – хадзілі, мячы ганялі. Цяпер сядзяць соднямі ў гэтым інтэрнэце».

«Больш прымушаць працаваць, а не ў тэлефонах сядзець гэтых», – кажуць жыхары Стоўбцаў.

Як кажуць іншыя навучэнцы школы, падазраваны вучыўся на выдатна, за ім не заўважалі праяваў агрэсіі, наадварот – ён быў у добрых стасунках з аднакласнікамі. Невядома і пра нейкія праблемы ў сям’і хлопца. Сяргей Міхневіч, дзядуля аднакласніцы падазраванага:

«Можа, што глынуў, які спайс… Мая ўнучка ў гэтым класе вучыцца. Яна кажа, што хлопец добры быў».

Нічога дрэннага нельга сказаць і пра настаўніцу – яе характарызуюць як чуллівага чалавека і добрага адмыслоўца. Цяжка ўявіць, чым магло быць абумоўленае такое трагічнае развіццё падзеяў.

«Перадухіліць гэты канфлікт можна ў школе толькі супрацаю. А ў нас няма такога стылю, як супраца. У нас у асноўным усё ж такі застаецца аўтарытарны стыль кіраўніцтва», – гаворыць дацэнт Інстытуту псіхалогіі Яўген Маліноўскі.

Крымінальную справу паводле артыкулу аб забойстве двух і больш чалавек пад свой асабісты кантроль узяў старшыня Следчага камітэту Іван Наскевіч. Але ці магчыма ўвогуле пракантраляваць, якія намеры мае той ці іншы чалавек? Ці, можа, рэч не ў кантролі над асабістаю прастораю?

Аднаўляецца
«Ён бегаў па горадзе, людзі баяцца выходзіць на двор». Падрабязнасці трагедыі ў Стоўбцах
2019.02.11 09:39

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu