Трагедыя на Нямізе: 21 год масавай гібелі моладзі


«Прошли мои младенческие годы, дни незабвенной радости и слез; Жила единым днём сегодня, сейчас смотрю вперёд». Гэты верш Алена Вішнеўская напісала за паўгода да сваёй трагічнай гібелі: на момант смерці выпускніца сярэдняй школы мела 17 гадоў і рыхтавалася да іспытаў.

«Самае страшнае ў жыцці, калі бацькі хаваюць сваіх дзяцей… Лепш было б наадварот», – плача маці загінулай дзяўчыны, Галіна Вішнеўская.

Побач з магілай Алены Вішнеўскай на Чыжоўскіх могілках Менску – яшчэ чатыры пахаванні маладых людзей, чые сем’і пазнаёміла і назаўжды парадніла іхная смерць на Нямізе.

Трэцяе дзесяцігоддзе трагедыі на Нямізе: 21 год таму ў цісканіне падземнага пераходу станцыі метро загінулі 53 чалавекі. Мемарыяльны знак з імёнамі ды зламаныя кветкі – памяць пра ахвяраў трагедыі.

Пандэмія змяніла штогадовую жалобную традыцыю: у менскім Свята-Духавым кафедральным саборы прайшло памінальнае набажэнства. Але да месца трагедыі звыклае працэсіі не адбылося – прыйшлі толькі бацькі.

«Нічога не змянілася: усё чакаеш – вось-вось прыйдзе хутка, а ўсё няма і няма. Усё чакаеш, чакаеш і чакаеш… Паверыць нельга – на могілкі сходзіш, а пасля бяжыш да хаты, бо яна ж мусіць з інстытуту прыйсці – ёй трэба паесці…», – плача маці загінулай Таццяны, Аляксандра Кашыцкая.

«Дагэтуль – не веру! Еду ў метро, еду ў аўтобусе, гляджу на гэтых маладзенькіх дзяўчатак, і мне падаецца – дзесьці мільгане яе твар, я яе пабачу – яна жывая», – кажа бацька загінулай Алены, Сяргей Насонаў.

«Кажуць, што час лечыць – не, мы проста ўвесь час вучымся жыць з болем. І нас гэты час ужо не вылечыць ніколі. Канечне, ёсць вінаватыя – хто адказваў за правядзенне імпрэзы, за парадак, але ж ніхто не хоча выстаўляць сябе ў нявыгадным святле», – маці загінулай Аляўціны Наталля Навакоўская.

Цісканіна здарылася падчас навальніцы 30 траўня 1999 года: 53 чалавекі загінулі, і сотні былі траўмаваныя на станцыі метро «Няміга». Ахвярамі трагедыі пераважна сталіся маладыя людзі ўзростам 13-20 гадоў, якія прыйшлі на вулічны канцэрт з нагоды рэкламы піва. Менчукі памятаюць трагедыю і праз 21 год.

«Канечне памятаю. Я думаю, усе людзі гэта памятаюць, усе менчукі, асабліва моладзь, якая там была – гэта быў жах!»

«У асноўным маладыя загінулі – за гэта вельмі крыўдна. Усё ж ім жыць і жыць, а атрымалася вось так, яны трапілі».

«Я думаю, што досвед, які людзі атрымалі з гэтай трагедыі, дазваляе нам спадзявацца, што такога больш ня здарыцца».

Па слядах трагедыі завялі крымінальную справу ў дачыненні начальніка грамадскай бяспекі ГУУС Менгарвыканкаму і начальніка аддзелу масавых мерапрыемстваў. Аднак праз тры гады справу спынілі ў сувязі са сканчэннем тэрміну даўніны.

«Людзі павінныя ведаць праўду: што тады адбылося, якія меры павінныя быць прынятыя, каб такога больш не адбылося. Гэта значыць, што гэтая справа мае такую ж перспектыву, як і справы загінулых палітыкаў, – перакананы кіраўнік грамадскай арганізацыі «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Волчак.

Бацькі загінулай моладзі аб’ядналіся ў грамадскую арганізацыю «Няміга-99» дзеля таго, каб падтрымліваць адно аднаго, бо кажуць, што падтрыманне ад дзяржавы было нязначнае і нядоўгае. Праз два дзесяцігоддзі памяць аб трагедыі захоўваюць толькі яны самі.

Галіна Абакунчык, «Белсат»