Торфаздабыча і асваенне балот пагражаюць біяразнастайнасці Беларусі

Балоты займаюць асаблівае месца ў прыроднай разнастайнасці нашай краіны. 26 з іх уваходзяць у спіс Рамсарскай канвенцыі, а значыць, маюць міжнароднае значэнне. Аднак у самой Беларусі яны мала цэняцца: праз іх пракладаюць дарогі, асушаюць і ператвараюць у стыхійныя сметнішчы.

Палескія балоты асушаюць не першае стагоддзе. Найбольш яны пацярпелі ў савецкія часы, калі праводзілася меліярацыйная кампанія. Не знікла пагроза і цяпер, кажуць адмыслоўцы.

«Асноўныя пагрозы для беларускіх балотаў – асушэнні пад здабычу торфу, гэта ў прынцыпе развіццё сельскай гаспадаркі, гэта пажары, якія адбываюцца ўжо ў выніку асушэння. І антрапагеннае ўздзеянне ў сувязі з будаўніцтвам дарог або праектаў, кшталту будаўніцтва каналаў супрацьпажарных», — зазначае старшыня грамадскай арганізацыі Канстанцін Чыкалаў.

Але, паводле эколагаў, варта задумацца пра наступствы асушэння балотаў. Яно не толькі прыводзіць да дэградацыі зямель, але і ставіць пад пагрозу знікнення некаторыя рэдкія віды жывёлінаў і птушак.

«Гэткія мерапрыемствы, яны вядуць яшчэ да таго, што буйныя прасторы дзікай прыроды фрагментуюцца. І праз гэта яны ўжо не могуць у сваім натуральным рэжыме існаваць без дадатковых нейкіх намаганняў чалавека для ўмяшання і рэгуляцыі гэтых працэсаў. То бок адное ўмяшанне цягне за сабой іншае-іншае. Гэтак мы і губляем пакрысе нашую дзікую прыроду», — падкрэслівае адмысловец у прыродаахоўных пытаннях грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Максім Нямчынаў.

Захаванне і аднаўленне беларускіх балотаў можа прынесці шмат карысці не толькі экалогіі. Цяпер папулярны становіцца турызм і адпачынак у натуральным асяродку з магчымасцю яднання з прыродаю.

«Людзей вабіць тое, што гэта незвычайны кірунак, незвычайная актыўнасць, яна такая небанальная, не досыць папулярная ў свеце і Беларусі. Гэта класны таксама тымбілдангавы элемент. Таму ў нас і замаўляюць шмат карпаратыўных мерапрыемстваў», — кажа арганізатарка турыстычнай кампаніі «Паход у народ» Карына Сітнік.

Летась «Белсат» стварыў спецпраект пры падтрыманні грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» пра Альманскія балоты. Ён быў адзначаны на конкурсе «Вольнае слова» ў намінацыі «Інфармацыйныя жанры». Калі яшчэ не бачылі – сёння якраз добрая нагода.

Хрысціна Чарняўская, «Белсат»

Глядзі таксама