Той, хто баяўся выйсці супраць інтэграцыі, можа дапамагчы цяпер


Зняволенні і буйныя штрафы – так улады Беларусі адрэагавалі акцыі пратэсту грамадзянаў супраць інтэграцыі з Расеяй. Больш за 90 чалавек пакараныя адміністратыўнымі арыштамі і штрафамі, агульная сума якіх – 80 тысячаў рублёў.

«МолаМола» – інтэрнэт-пляцоўка, дзе пяты дзень ідзе збор сродкаў для абаронцаў незалежнасці Беларусі. 80 тысяч рублёў – на такую суму беларускія суды пакаралі дзясяткі ўдзельнікаў акцыяў пратэсту супраць інтэграцыі з Расеяй. Сплата такіх грошай сталася акцыяй грамадзянскай: большую частку сумы сабралі ўжо ў першыя дні.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Айцец Вікенцій – святар Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Штраф за абарону незалежнасці атрымаў памерам 100 базавых велічыняў, або 2700 беларускіх рублёў.

«Акрамя таго, у мяне яшчэ нясплочаны штраф за «Чарнобыльскі шлях», які складае 20 базавых велічынь. І атрымліваецца, што з маёй пенсіяй, якую я атрымліваю як інвалід другой групы ў памеры 270 рублёў, мне давядзецца выплочваць да канца свайго жыцця», – кажа айцец Вікенцій.

Каб сплаціць вялікія штрафы, збор грошай абвесцілі шэраг пляцовак, ініцыятываў і асобных людзей. Ці гатовыя людзі ахвяраваць свае сродкі, цікавімся ў мінакоў на вуліцах Менску:

«У нас паводле Канстытуцыі людзі могуць выходзіць і выказваць сваё меркаванне. Людзі выйшлі і зрабілі гэта. Іх дзяржава аштрафавала, і натуральна іх трэба падтрымаць».

«Так, гэта добрая справа – патрэбна падтрымліваць. Я лічу, што людзі павінны аб’ядноўвацца, разумець адно аднаго, тады можна супрацьстаяць ціску ўладаў».

«Людзі, якія ў адрозненне ад нас, баязліўцаў, выйшлі, не пабаяліся, то нашая справа хоць грашыма дапамагаць, каб яны працягвалі не баяцца».

Дапамогу можна перавесці:

– фандрэйзер Facebook: http://bit.ly/30auhRm

– PayPal: alaksiej.lavoncyk@tol.org

– PayPal у ЗША: nadzeya.norton@gmail.com

– на рахунак у Еўразвязе (для атрымання нумару рахунку пішыце асабістае паведамленне кампаніі http://bit.ly/2tIvlzQ).

– Revolut +48575195688

– Bitcoin 199tmZtZ7N3SuEodVqE8Y5D411vwnnevb8

– Ethereum 0x50e1182085756F4f8f25F016a3273649FFEccE2d

«Можна доўга спрачацца пра эфектыўнасць і працягласць гэтай акцыі, але, на маю думку, выказаць грамадскую салідарнасць з гэтымі людзьмі было патрэбна, таму мы распачалі гэты збор сродкаў», – кажа журналіст і актывіст кампаніі «BY_Help» Андрэй Аляксандраў.

Ініцыятыва «BY_Help» ужо дапамагала сплочваць штрафы ўдзельнікам гэтак званых антыдармаедскіх пратэстаў. На цяперашнюю хвалю пераследу актывістаў праваабарончы цэнтр «Вясна» звяртае ўвагу міжнароднай супольнасці:

«Вырашылі задзейнічаць спецыяльныя працэдуры ААН і зараз рыхтуем звароты да тэматычных дакладчыкаў ААН па свабодзе мірных сходаў і выказвання меркаванняў пра тое, што адбываецца ў краіне», – паведаміў юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч.

У Беларусі суды над абаронцамі незалежнасці ў Беларусі працягваюцца: 15 студзеня яны адбудуцца ў Менску і Віцебску.

Галіна Абакунчык belsat.eu