Тэрыторыя лясных пажараў у Сібіры ўжо прыкладна роўная Малдове


Некалькі месяцаў жыхары Іркуцкай і Цюменскай вобласцяў, Краснаярскага, а потым Пермскага і Забайкальскага краю, журналісты ды эколагі спрабавалі прыцягнуць увагу ўладаў да катастрафічнага пажару, які ўжо ахапіў каля 3 мільёнаў гектараў тайгі.

У Расеі гарыць тэрыторыя прыкладна роўная Малдове, але губернатар Краснаярскага краю не бачыў праблемы, пакуль не прыйшоў загад ад прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна:

«Гэта звычайная прыродная з’ява, змагацца з якой бессэнсоўна, а дзесьці, магчыма, нават і шкодна. Нікому не прыходзіць у голаў патапляць айсбергі, каб у нас было цяплей».

Цяпер, калі пажар нарэшце заўважылі ў Крамлі, на барацьбу з агнём гатовыя вылучыць дадатковыя сродкі з рэзервовага фонду ўраду. Да тушэння прыцягнутыя войскі. Яны абяцаюць справіцца з агнём цягам 5 дзён. Нават праблему аддаленых тэрыторыяў абяцаюць развязаць. Кажа пілот МНС Расеі, Андрэй Чэрнік:

«Праз густы дым і вельмі дрэнную бачнасць мы ў некаторых месцах нават прызямліцца не можам».

Аб немагчымасці нармальна дыхаць жыхары паведамляюць ужо даўно. Тое, што вы бачыце цяпер, не хмарнасць, а смог ад пажару.

Пакутуюць не толькі людзі. Жывёліны гінуць у агні і задыхаюцца ад дыму. Некаторыя выходзяць да людзей. Малады мядзведзь, паводле сведчанняў мясцовых, выйшаў да вёскі амаль без сілаў. Як сцвярджаюць відавочцы, звер быў накормлены і цяпер блукае вакол вёскі.

Эколагі кажуць, што пажары такога маштабу сурʼёзна ўплываюць на надворʼе. Гарачае паветра і дым падымаюцца і закрываюць велізарныя тэрыторыі. У выніку дажджавыя аблокі не могуць прайсці, дажджы не тушаць пажараў, а абыходзяць іх бокам і льюцца ў іншых раёнах, дзе пачынаюцца паводкі.

Кіраўнік праграмы аб асабліва ахоўных тэрыторыях «Грынпіс» Міхаіл Крэйдлін кажа:

«Асноўная прычына, чаму яе заўважылі сёлета. У адрозненне ад мінулых гадоў, дым ад гэтага пажару дайшоў да буйных гарадоў, дзе жывуць актыўныя людзі, якія сталі актыўна падымаць гэта пытанне. Нас, эколагаў, вельмі рэдка чуюць, не кажучы ўжо пра мясцовых жыхароў, у якіх і інтэрнэту няма».

У Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі таксама заявілі, што сібірскія пажары могуць прывесці да глабальнай змены клімату і катастрафічных наступстваў для ўсёй планеты.

Марыя Лекух, belsat.eu