Тэлеканал АНТ паказаў ідэалагічныя зубы Дзмітрыю Мядзведзеву


Былі нафтагазавыя і мясамалочныя скандалы паміж Масквой і Менскам, цяпер разгараецца гістарычная спрэчка між кіраўніком Беларусі ды расейскім прэм’ерам. Дзяржаўны тэлеканал АНТ паказаў свае ідэалагічныя зубы Дзмітрыю Мядзведзеву за дачэпкі да абмеркавання войнаў, якія ў расейскай гісторыі называюць Айчыннымі.

Урок гісторыі ад вядоўцы тэлеканалу АНТ Дзмітрыя Семчанкі:

«Расея першаю парушыла падпісаны з Францыяй цільзісцкі мір. А беларусы на сваёй зямлі сталіся закладнікамі чужых ваенных амбіцыяў».

Адмыслова для Расейскага ўраду праграма «Будзе дапоўнена» праехалася па гісторыі развязвання трох войнаў – з Напалеонам і дзвюх Сусветных, пра якія 21 кастрычніка згадваў Лукашэнка. Дзмітрыю Мядзведзеву не спадабалася наступнае:

«Нехта намі панукаў, нехта намагаўся на каленкі паставіць, асабліва Беларусь… Усе гэтыя войны, не нашыя войны, але мы тым не менш гора хлебанулі».

Прэм’ер Расеі Дзмітрый Мядзведзеў пракаментаваў гэта толькі днямі – на просьбу журналіста:

«Нашыя бацькі і дзяды абаранялі сваю зямлю. Гэта не ўдзел у чужых войнах. Таму для мяне вельмі дзіўна чуць такія словы».

Контрудар з Менску Мядзведзеў атрымаў у кантэксце канфліктных пытанняў, якія Менск мае да Крамля, кажа аналітык, пра кошты на нафту і газ ды зняцце абмежаванняў з беларускага харчовага экспарту, кажа палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі:

«Закіпае ўжо беларускае кіраўніцтва, таму што набліжаецца гэтая дата 8 снежня, калі трэба будзе падпісваць праграму паглыблення інтэграцыі. Я не выключаю, што магчымы вялікі скандал, калі Лукашэнка пачне біць посуд у гэтай інтэграцыйнай краме».

Другою прычынаю вострага для дзяржаўных медыяў матэрыялу можа быць асабістае стаўленне Аляксандра Лукашэнкі да Дзмітрыя Мядзведзева, нажытае яшчэ калі той займаў пасаду прэзідэнта Расеі. Тады паміж краінамі ўзмацніліся харчовыя войны ды паўстаў пяцісерыйны фільм «Хросны бацька» з востраю крытыкаю кіраўніка Беларусі.

Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік:

«Беларускі кіраўнік даўно мае на яго крыўду, мае «зуб». Я б не сказаў, што Мядзведзеў – нейкі хлопчык для біцця, гэта ўсё ж такі персона важная ў Маскоўскай іерархіі».

Трэцяя адметнасць – гэта самая тэма вайны ў палітыцы дзейнага кіраўніка. Напрацягу 25 гадоў яго кіравання мільёны долараў укладзеныя ў парады, а вярхоўны галоўнакамандуючы выступае гарантам міру ў Беларусі.

«Мне падабаецца ягоная палітыка ў пытанні вайны, стаўленне да агрэсіўных дзеянняў».

«Калі б нам страта суверэнітэту пагражала, думаю ніхто б за яго не галасаваў», – мяркуюць жыхары Менску.

Калі нафтагазавы канфлікт распачынаўся, тэма вайны наадварот мелася яднаць. Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«Уладзімір Уладзіміравіч – гэта няправільныя ў вас падлікі… Мы маем горшыя ўмовы, чымся Нямеччына, пра што я не аднойчы казаў. Нібыта ваявалі супраць Нямеччыны разам, а нашыя людзі, якія яшчэ не памерлі пасля вайны, маюць сёння такую сітуацыю».

Праз год пасля гэтай спрэчкі і за адзін месяц (калі лічыць ад сённяшняга дня) кіраўнікі маюць падпісаць шэраг дарожных мапаў аб зʼяднанні ў Саюзную Дзяржаву.

Юлія Цяльпук belsat.eu