Сёння – Міжнародны дзень таксіста


Першыя таксоўкі ў Магілёве з’явіліся больш за 100 гадоў таму. З таго часу змяніліся і горад, і кіроўцы.

Таццяна заўсёды марыла працаваць на таксі. Пасля двух гадоў стажу яна адкрыла ІП і нарэшце занялася любімай справай. За 10 гадоў яна дасканала вывучыла горад і стала прафесіяналам сваёй справы.

«Палохаліся, калі прыязджала дзяўчына на заказ. Былі такія выпадкі, калі яны сядалі – і так: «Вой, дзяўчына». Я кажу: калі страшна, можаце прышпіліцца або можаце выйсці, я не супраць», – успамінае кіроўца таксоўкі Таццяна Паласухіна.

Жоўты колер, плафон на даху і таксометры – важныя атрыбуты таксовак. Але не кожны хоча прытрымлівацца гэтых правілаў.

«Шмат кіроўцаў, якія не маюць права ажыццяўляць гэтыя паездкі, ездзяць з касавымі апаратамі. У асноўным гэта «Тытан». Машына таксі павінна быць, абавязаная быць абсталяваная толькі таксометрам», – кажа кіроўца таксоўкі Цімур Немцаў.

З’яўленне новых агрэгатараў, такіх як «Яндэкс.Таксі» або сэрвіс таксі «7220», робіць канкурэнцыю больш жорсткаю. З аднаго боку, таксоўцы, якія працуюць на сябе або на невялікія кампаніі, трапляюць у няпростыя ўмовы. З іншага, кліентаў такая канкурэнцыя цалкам задавальняе.

Вось, што кажуць жыхары Магілёва:

«Даступны транспарт стаў, тым больш цяпер ён таннейшы стаў. Канкурэнцыя памяншае цану праезду».

«Таксі стала даступным. Не абавязкова мець у сям’і 20 машын. Таксі стала не раскошай, а проста сродкам перамяшчэння для людзей. Не абавязкова ў сям’і мець машыну, каб куды-небудзь з’ездзіць».

«Не было так шмат таксі. І было праблематычна, а цяпер праблема сышла».

«Больш таксі? Дык іх колькі тут варта, паглядзіце. Ездзяць яны ці не. Яны днямі стаяць. Я б не сказала, што моцна людзі дазваляюць ездзіць сабе на таксі».

Таксоўцы, якія працуюць паводле старой сістэмы, лічаць канкурэнцыю несумленнай. Яны вымушаныя змяншаць расцэнкі, ад чаго заробак моцна зніжаецца.

«Я ІП, я плачу падаткі, я плачу страхоўку 140 еўраў, плачу сацыялку. Сёлета трэба 1,5 тыс. аддаць сацыялкі, а яны не плацяць. За гэта яны вязуць танней. Падаткаў-та яны не плацяць», – кажа кіроўца таксоўкі Сяргей.

Як адзначаюць кіроўцы таксовак, шмат для каго гэтая праца – прызванне. Гэтак і нашая знаёмая Таццяна кажа, што ведае таксоўцаў, якія сыходзілі з працы, але праз нейкі час вярталіся.

Дар’я Чульцова, Міхаіл Аршынскі, «Белсат»