Дзяржава гатовая не саджаць за падаткавыя парушэнні. У Палаце Прадстаўнікоў ухвалілі ўрадавую праграму на бліжэйшыя два гады, якую прадставіў прэм’ер-міністр Сяргей Румас. Павага да прыватнай уласнасці, неўмяшальніцтва ў здаровую канкурэнцыю – прыгожыя словы ці сапраўды новыя прынцыпы, узятыя на ўзбраенне ўладамі?
«Мы ствараем умовы для таго, каб кожны беларус мог добра зарабіць», – заявіў сёння Сяргей Румас. Выступаючы ў Палаце прадстаўнікоў, прэм‘ер-міністр акрэсліў новыя задачы для ўраду на бліжэйшыя два гады. Побач з традыцыйнымі словамі пра ўзважаную палітыку, развіццё бізнесу і айці-тэхналогіяў, прагучаў у прамове і наступны тэзіс:
«Прапрацоўваюць пытанне пра адмену крымінальнага пераследу за парушэнні ў сферы падатковага заканадаўства…» – зазначыў прэм’ер-міністр Сяргей Румас.
Што праўда, пакуль пытанне толькі прапрацоўваюць, а ўрад, са словаў прэм’ера, дзеля гэтага падтрымлівае канструктыўны дыялог з сілавымі ведамствамі. За кратамі ж застаецца мноства прадстаўнікоў бізнесу. Справу каментуе Сяргей Скрабец, былы дэпутат Палаты Прадстаўнікоў (2000-2004) і былы палітвязень, асуджаны паводле эканамічнага артыкулу:
«Яркія прыклады – гэта справа Мураўёва, справа Кныровіча, якія атрымалі велізарныя тэрміны. У тым ліку і за невялікія падатковыя парушэнні сядзіць, я б сказаў, не менш як некалькі тысячаў чалавек».
Узгаданыя бізнесоўцы Аляксандр Мураўёў і Аляксандр Кныровіч атрымалі 11 і 6 гадоў пазбаўлення волі адпаведна (пазней Кныровічу тэрмін пакарання скарацілі на год). Сярод іншага, і за нявыплату падаткаў. Жорсткае пакаранне за гэта ёсць ва ўсім свеце. Але ў Беларусі гэткае злачынства нярэдка блытаюць з іншымі парушэннямі, адзначае былы палітвязень Сяргей Скрабец:
«Замест таго, каб караць за нейкае парушэнне, караюць як за няплату падаткаў, як за злачынства. У тым ліку і палітыкаў – гэта справа Бяляцкага, гэта «справа прафсаюзаў», якая развалілася ў судзе».
Дык ці прыйдзе бізнес у Беларусь? На думку эканаміста Леаніда Злотнікава, дзеля пазітыўных зменаў бізнес-клімату ўладам варта абвесціць поўную свабоду дзейнасці для пасярэднікаў. Дадаткова трэба не толькі ўнесці карэкціроўкі ў заканадаўства, але і папросту навучыцца паважаць элементарныя прынцыпы, накшталт прэзумпцыі невінаватасці.
«Гэта хтосьці мае даказаць, што я хімічыў з гэтай фірмай, а не адразу браць і здымаць увесь абарот на карысць дзяржавы, нават нічога і не даказаўшы. Усё пачынаецца зверху», – звяртае ўвагу Леанід Злотнікаў.
Пра тое, што асноўнай праблемай для развіцця бізнесу застаецца недавер да існай дзяржаўнай сістэмы, сведчаць і першыя рэакцыі людзей. Вось, напрыклад, папулярныя каментары да навіны на партале TUT.BY:
«Чамусьці ўсё на стадыі размоваў застаецца. Вось калі б нейкая гадасць, новы падатак, то на заўтра б увялі. Як з тымі дармаедамі, дагэтуль выдумляюць, як здзерці».
«Усе гэтыя «праграмы» – фількіны граматы. Ужо ўва ўсім развітым свеце зразумелі, што калі ўлады РБ вырашаць адціснуць бізнес ці грошы на сваёй тэрыторыі, ніякае заканадаўства іх не спыніць».
«…праходзілі гэта ўжо не раз і верыць тут Румасу ніхто не будзе – ён, можа, і мужык добры, прыстойны, але сістэма ўсе ягоныя абяцанні абясцэніць адным махам».
На думку ж экспертаў, каб замацаваць пробліскі чарговай «лібералізацыі», улады мелі б абвясціць амністыю капіталу, падатковую амністыю, а таксама выпусціць з турмаў асуджаных паводле адпаведных абвінавачанняў бізнесоўцаў. Але ад словаў да дзеянняў шлях не такі ўжо і блізкі.
Вітаўт Сіўчык, belsat.eu