Сям’я – разменная манета для рэпрэсій Лукашэнкі


Пасля ўдзелу Паліны і Андрэя Шарэндаў у акцыях супраць «дармаедскага» дэкрэту ў лютым і сакавіку ў Берасці (за якія давялося заплаціць велізарныя штрафы) да іхных дзяцей прыйшла міліцыя і працаўнікі апекі. Яны спраўджвалі як гадуюцца малыя.

Актывістаў зрабілі фігурантамі крымінальнай справы

«Яны не хочуць расследаваць гэтую справу, а фактычна прызначаюць вінаватых. Пры чым першай, каго яны прызначылі вінаватай, – гэта мая жонка, якая большую частку свайго часу праводзіць з дзецьмі», – зазначыў Андрэй Шарэнда.

Крымінальную справу завялі нібыта па факце абразы прэзідэнта. Падставаю стала расцяжка, якая зʼявілася ў Берасці ў лютым. Як кажуць Шарэнды, ніякага дачынення да яе вывешвання яны не мелі. Але даказаць гэта будзе цяжка, бо ў справе, са словаў актывістаў, зʼявіўся дзіўны сведка.

«Ён нейкім цудоўным чынам апазнаў мяне і мужа, у якасці тых людзей, якія спачатку вывесілі гэтую расцяжку, а пасля яе фатаграфавалі», – распавяла Паліна Шарэнда.

Як справа адабʼецца на дзецях актывістаў?

Пакуль незразумела. Гэта чарговы за апошні час выпадак ціску на іншадумцаў праз іхных дзяцей. Як стала вядома ў сакавіку, гомельскай журналістцы «Белсату» пагражаюць забраць сына ў інтэрнат, у выпадку, калі тая не спыніць сваёй дзейнасці. За асвятленне пратэстаў вакол дэкрэту № 3 яе некалькі разоў каралі буйнымі штрафамі. Сямʼю Ларысы Шчыраковай могуць залічыць у сацыяльна небяспечныя, што можа прывесці да адабрання малога.

Напярэдадні Дня Волі міліцыя жорстка збіла і затрымала грамадскага дзеяча і палітолага Алеся Лагвінца. На падставе сведчанняў амапаўцаў яго пакаралі адміністратыўным арыштам. Неўзабаве ў ягонай кватэры зʼявіліся сацыяльныя педагогі з 218-й школы Менску. Яны прыйшлі праверыць, у якіх умовах гадуецца маленькі сын актывіста.

Колькі такіх сітуацыяў палічыць складана

Афіцыйная статыстыка адсутнічае. Некаторыя людзі баяцца казаць пра такое ў голас. Вядома, што ў такі выпадках найбольш цярпяць дзеці.

Установы адукацыі і апекі сталі ў Беларусі адной з прыладаў ціску на нязгодных з сістэмаю. У гэтым працэсе выкарыстоўваецца прэзідэнцкі дэкрэт № 18. Паводле дакументу, суды абавязаныя інфармаваць органы апекі пра некаторыя выпадкі прысудаў за адміністратыўныя парушэнні бацькоў. Дэкрэт прадугледжвае шэсць артыкулаў. Сярод якіх – наўмыснае прычыненне цялесных пашкоджанняў, алкагольнае ап’яненне, прастытуцыя. Атметна, што ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах ці парушэнне закону аб СМІ тут не прадугледжваюцца.

Справа правоў дзяцей у Беларусі мала чым адрозніваецца ад дарослых. Прыведзеныя вышэй прыклады сведчаць пра тое, што малы, як і іх бацькі, у кожную хвіліну могуць стаць ахвярамі рэпрэсіўнай сістэмы.

Ян Бабіцкі, «Белсат»