Свята набліжаецца! Як у Менску працуюць калядныя кірмашы


Калядныя кірмашы становяцца ўсё больш папулярныя ў беларускай сталіцы. Мы завіталі на пляцоўку «Пясочніца» – месца, дзе спалучаюцца вулічная ежа і калядны настрой.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

У «Пясочніцы» ладзяць майстар-класы, працуе святочны кірмаш, можна адпачыць ва ўпрыгожаных намётах. Будуць забаўкі і для самых маленькіх наведнікаў, напрыклад, карусель для дзяцей. Але не толькі.

Фота Ксеніі Тарасевіч / Belsat.eu

Сёлета ў Менску зусім няма снегу і няспынна ідзе дождж. Ці не замінае надвор’е святочнай атмасферы?

«Хацелася б паболей снегу. А так, у прынцыпе, не блага».

«Зараз… Дождж ёсць дождж. Але цудоўная атмасфера тут».

«Мы спрабуем яго ствараць у хаце, таму ёсць».

«Ну мы ж Еўропа, правільна? На скрыжаванні дарог. Вось і калі ласка, кліматычныя змены. Можна лічыць, што мы ў Парыжы».

«Мы самі шукаем навагодні настрой. Перад Новым годам з парасонам хадзіць – не камільфо», – кажуць наведнікі кірмашу.

Ксенія Тарасевіч / Belsat.eu
Фота Ксеніі Тарасевіч / Belsat.eu

Якія Каляды і Новы год без Дзеда Мароза?

«Жадаю шчасця, здароўя вялікага-вялікага. У новым годзе – новых цудаў», – зычыць Дзед Мароз гледачам «Белсату».

Не спалохаліся надвор’я менскія раварысты. Яны выйшлі на традыцыйны калядны велапраезд па менскіх калядных кірмашах.

«Гэта людзі, якія ездзяць на роварах штодзень. Сёння мы сабраліся, каб праехацца па роварнай сцежцы на вуліцы Харужай. Напрыклад, на кірмашы няма велапаркоўкі. Гэта відавочны стэрэатып аб тым, што ўзімку няма раварыстаў», – распавядае Анастасія Янчэўская, дырэктарка Менскага роварнага таварыства.

Ксенія Тарасевіч / Belsat.eu
Фота Ксеніі Тарасевіч / Belsat.eu

На менскіх калядных кірмашах можна сагрэцца кавай, гарбатай, глінтвейнам. З ежы прапаноўваюць бургеры, блінцы, локшыну і нават шашлык. Ці адрозніваецца святочны шашлык ад звычайнага?

«Ён такі ж – сакавіты, смачны. Калі вам падабаецца – прыходзьце і купляйце. Галоўнае, каб настрой быў. Астатняе нічым не адрозніваецца», – распавядае нам Зміцер, які робіць шашлык на кірмашы «Мяцеліца», што каля Камароўскага рынку.

Ксенія Тарасевіч / Belsat.eu
Фота Ксеніі Тарасевіч / Belsat.eu

Сёлета ў Менску пачынаюць працу прыкладна 5 розных калядных кірмашоў. Уваход на большасць з іх – вольны.

Ксенія Тарасевіч belsat.eu