«Свята? Гэта гора было!» У Беларусі адзначылі Дзень кастрычніцкай рэвалюцыі


Беларусь – адзіная ў свеце краіна, якая святкуе Дзень Вялікай кастрычніцкай рэвалюцыі. У календары – чырвоны дзень. І чырвоная калона з транспарантамі прайшла праспектам Незалежнасці ў Менску. Чаму беларусы нясуць кветкі бронзавым правадырам і апраўдваюць палітычны лад, які зламаў жыцці мільёнаў людзей?

«Саюз Расеі і Беларусі вечны і непарушны», «Далоў капіталізм», «Гонар дыктатуры пралетарыяту». Транспаранты да 102-годдзя з дня захопу бальшавікамі ўлады нясуць некалькі дзясяткаў найбольш верных марксісцкай дактрыне асобаў. Кладуць кветкі да помнікаў людзям, якія падпісвалі загады на масавыя рэпрэсіі ды знішчэнне іншадумцаў.

Не кожная краіна былога савецкага блоку даравала такія вычварэнні Уладзіміру Леніну і ягоным нашчадкам. Удзельнікі святкавання ў Менску:

«Рэпрэсавалі тых, хто шкодзіў савецкай уладзе – паводле закону, а не тое, што ўсіх запар хапалі, не».

«Іх было настолькі нікчэмна мала ў параўнанні з сотнямі мільёнаў тых, хто атрымаў свабоду і магчымасць нарэшце жыць і працаваць».

«Ёсць такі панятак «класавая барацьба», а ў класавай барацьбе розныя здараюцца вычварэнні».

Шэсце, як сённяшняе ў Менску – ад Плошчы Незалежнасці да помніка Дзяржынскаму на Камсамольскай, – гэта эксклюзіў ад Беларусі, бо апроч нас і непрызнанага Прыднястроўя, іншыя былыя рэспублікі ў гэты дзень адзначаюць Дзень памяці. Пра рэвалюцыі і падзеі пасля яе.

Алесь Смалянчук, доктар гістарычных навук:

«Безумоўна яна істотна змяніла сітуацыю і жыццё і можна сказаць паўплывала на цывілізацыйныя традыцыі ўсёй усходняй Еўропы. Гэта безумоўна велізарныя перамены. Трэба не святкаваць, а проста адзначаць. На маю думку гэта мае быць дзень смутку, а не дзень свята».

Аляксандр Лукашэнка ў сваім віншаванні акрэсліў задачы, якія выконвае гэтая дата:

«Перакананы, што памяць аб гераічных падзеях і выпрабаваннях, якія выпалі на долю беларусаў, узмацняе духоўную сувязь паміж пакаленнямі, выхоўвае пачуццё гонару за свой народ, умацоўвае згоду ў грамадстве, натхняе грамадзянаў на стваральныя ініцыятывы на карысць Радзімы».

Выходны дзень – нікому не замінае! Неадназначнасць чынаў савецкай улады – замінае толькі некаторым (кажуць жыхары Магілёва):

«Гэта не самае прыемнае нашае мінулае».

«Свята? Прабачце мяне! Гэта гора было!»

«Свята ўжо даўно не мае такога значэння, як у нашыя савецкія часы».

«Гэта ж дзень нашай Канстытуцыі. Родзічы нашыя, дзяды – усе святкавалі, ну і мы святкуем».

«Гэта адно з галоўных і сістэмаўтваральных святаў нашай ідэалогіі, бо дзякуючы яму не толькі беларусы, а шмат краінаў постсавецкай прасторы атрымалі сваю незалежнасць».

Гэта казала савецкая прапаганда, паўтарае цяперашняя дзяржаўная ідэалогія, ды ў пэўным сэнсе пагаджаецца гісторык Алесь Смалянчук:

«Тая грамадзянская вайна, якую бальшавікі развязалі практычна адразу пасля прыходу да ўлады, сапраўды падштурхнула беларусаў да ідэі незалежнасці. У гэтым сэнсе яны безумоўна паўплывалі, бо беларусы выдатна зразумелі, што немагчыма знаходзіцца ў адной краіне з бальшавікамі».

Пакінуць гэтую краіну ўдалося толькі ў 1991 годзе, каб праз няпоўныя два дзесяцігоддзі вярнуцца да паглыбленай інтэграцыі з ёю ў Саюзную дзяржаву.

7 лістапада краіна, у якой адбылася кастрычніцкая рэвалюцыя, ладзіць патрыятычнае свята – ухваляе гадавіну параду 1941 года, з якога салдаты ішлі адразу на фронт, бо за 30 км ад Масквы стаялі нямецкія танкі. Удзельнік параду ў Маскве:

«Пакаленняў ужо некалькі змянілася, дык вось трэба ўкараніць выхаваўчы дух патрыятызму, любоў да Радзімы».

Для выканання такіх задачаў у Беларусі ёсць постаці – не крывавыя, як Ленін, Сталін, Дзяржынскі ці Кнорын…

«Кастусю Каліноўскаму помнік мае стаяць у нас, гэта ён пачынаў і хацеў працягнуць справу нашай вольнасці, стварыць Беларусь. Але гэтыя бальшавікі з КДБ перахапілі ўладу і не далі нічога зрабіць», – кажа наведнік святкавання ў Менску.

На мітынг пасля шэсця мужчына прайшоў без чырвонай стужкі і гваздзіка, застаўшыся ўбаку ад бронзавых манументаў.

Юлія Цяльпук belsat.eu