Свята Дня Волі ў Горадні наведалі пяць тысячаў чалавек


Святочны канцэрт да Дня Волі ў Горадні доўжыўся чатыры гадзіны. За гэты час у святкаванні узялі ўдзел пяць тысячаў чалавек. Не было пратэставых воклічаў, не было затрыманняў. Быў сапраўдны дзень волі з бел-чырвона-белымі сцягамі.

Даўно Горадня не бачыла столькі беларускіх зорак адначасова. Канцэрт, прысвечаны Дню Волі, адбыўся ў Каложскім парку – Лявон Вольскі ды Зміцер Вайцюшкевіч, «Nizkiz» і «Дай дарогу», Крама і гарадзенскія «Dzieciuki».

«Давайце будзем спадзявацца, што ўсе зразумеюць і ўлада таксама, тое, што самае галоўнае, – гэта Беларусь, гэта дзеля чаго мы тут сабраліся, мы не ворагі адзін аднаму, галоўнае, каб Беларусь засталася» – заклікаў са сцэны лідар гурта «Dzieciuki» Алесь Дзянісаў.

Святкаванне 101-ай гадавіны Беларускай Народнай Рэспублікі зарганізавалі ў Горадні за рэкордна кароткі тэрмін – літаральна за некалькі дзён пасля таго, як стала вядома, што Менгарвыканкам не дазволіў ніводнай з чатырох заяўленых масавых акцыяў у сталіцы. Да мясцовых актывістаў – заяўнікаў акцыі – далучыліся аднадумцы з усяе Беларусі ды культурніцкая пляцоўка «Арт-Сядзіба».

«Гарадзенскія арганізатары, наш касцяк, усе валанцёры, і проста людзі, вельмі дапамаглі медыі, зразумела, што людзі, якія ахвяравалі сродкі, – больш за 600 чалавек ахвяравалі сродкі праз розныя краўдфандынгі на гэтае мерапрыемства», – кажа суарганізатар святкавання Павел Белавус з «Арт-Сядзібы».

Паводле арганізатараў, адзначыць дзень Волі ў Каложскім парку сабраліся больш за пяць тысячаў чалавек.

«Уражанні станоўчыя, святочныя, дзякуй богу, што дапасавала пагода, шмат людзей», – кажуць «Белсату» наведнікі канцэрту.

Пасля канцэрту ў гарадзенскім фарным касцёле прайшла каталіцкая імша за Беларусь. А зранку набажэнства ў гонар 101-ай гадавіны абвешчання БНР адбылося ў гарадзенскай Каложскай царкве.

«Надта добра вялі службу айцец Георгій і айцец Ігар, добрыя словы пра Беларусь і пра аб’яднанне нас, каб мы пачулі сябе адзінаю нацыяй», – распавяла ўдзельніца малебну.

Святкаванне 101-ай гадавіны незалежнасці ў Горадні аказалася сімвалічнае, бо менавіта Горадня сталася другою сталіцай Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1919-ым годзе.

«Самае важнае свята, дзень аднаўлення нашай незалежнасці, найважнейшае для Беларусі свята, і Горадня яго святкуе ўвесь час годна. Нават у савецкія часы, калі ў Менску было 15 тысячаў, у Горадні выходзіла 5 тысячаў», – кажа ў размове з намі жыхар гораду.

Святкаванне працягнецца заўтра. У Менску дазволеныя канцэрт і мітынг, прысвечаныя 101-ым угодкам Беларускай Народнай Рэспублікі, пройдуць у Кіеўскім скверы. Стрым з менскага канцэрту глядзіце на нашай belsat.eu.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»