Свет змякчае каранцін, у нас – колькасць інфікаваных расце


Усяго ў спісе ахвяраў эпідэміі – 235 чалавек. Зафіксавана 42 556 заражэнняў. Цяпер за дзень рэгіструюць прыкладна на 70 выпадкаў захворвання менш, чым на пачатку траўня. Аднак агульная колькасць хворых хоць павольней, чым раней, але расце.

Ці эпідэмія па-ранейшаму застаецца сур‘ёзнаю праблемаю?

«Цяпер самы пік. У мяне родныя толькі са шпіталя выпісаліся, таму сітуацыю я ведаю».

«У мяне сястра працуе ў больніцы. Сказала, усё пад кантролем. Хлусіць яна не будзе. Яна ў мяне доктар».

«А што пішуць нашыя дактары пастаянна – гэта ўсе таксама ведаюць. Адзін памёр ад запалення, іншы таксама ад чаго-небудзь».

«Я ўвогуле педагог. Нас увогуле не інфармуюць. Гледзячы па дзецях, здаецца, усё нармальна», – кажуць жыхары Гомля

Ці эпідэмія скончыцца, калі прыйдзе летняя гарачыня?

«Будзе плюс трыццаць або нават плюс трыццаць пяць – на яго гэта мала паўплывае. Аднак тут ёсць вельмі многа іншых асаблівасцяў, якія тлумачаць, чаму гэтыя вірусы назіраюцца ў халодны час года. Таму мы таксама чакаем, што летам, калі будзе цёпла (будзем спадзявацца), уся гэтая сітуацыя таксама пойдзе на спад», – каментуе інфекцыяніст з Кіева Юрый Жыгароў.

«Я заклікаю запэўніць усім доступ да медычнай дапамогі, лячыць людзей, а не эканоміку. Людзі важнейшыя за эканоміку. Мы, людзі, – храмы Святога Духа, а эканоміка – не», – папа Рымскі звярнуўся да вернікаў у дні, калі еўрапейскія краіны змякчаюць каранцінныя захады.

Ад серады італьянцам дазволяць ездзіць у іншыя рэгіёны дзяржавы. Падарожнічаць па ўласнай краіне яны не маглі амаль 3 месяцы. У аўторак ездзіць па ўсёй краіне змогуць і французы. У ЗША ў пятніцу адчыніліся рэстараны – аднак госці ў іх павінныя трымаць дыстанцыю.

«І таму за кожным другім столікам у нас сядзяць гэтыя чароўныя манекены. Такім чынам, рэстаран застанецца атмасферным, і ён будзе выглядаць запоўненым», – дзеліцца сваім вынаходніцтвам уладальнік вашынгтонскага рэстарану Патрык о’Конэл.

Адначасова са змякчэннем каранцінных захадаў Вашынгтон вырашыў выйсці з Сусветнай арганізацыіздароўя, абвінаваціўшы яе ў выкананні загадаў Кітаю. Перагледзець гэтае рашэнне Доналда Трампа заклікала галава Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен. Еўразвяз будзе працягваць падтрымліваць САЗ – гаворыцца ў заяве.

Канцэрт на аэрадроме. Такі спосаб бяспечна запусціць забаўляльны бізнес прыдумалі ў Шры-Ланцы. А ў суседняй Індыі змякчаецца самы вялікі каранцін свету. Больш за мільярд грамадзянаў з заўтра змогуць наведваць супермаркеты, гатэлі, святыні. Пры гэтым іх просяць захоўваць бяспечную дыстанцыю.

Аляксандр Папко, «Белсат»