Свет ідзе на каранцін, хварэе эканоміка

Рэзкі скок статыстыкі інфікавання ў Еўропе… Эпідэмія каронавірусу ўсцяж распаўсюджваецца. Агульная колькасць хворых на Ковід-19 вырасла да 170 тысячаў чалавек больш як у 140 краінах. Не вытрымалі хваробы больш за 6 000 чалавек. Як цяпер змагаюцца з агрэсіўным вірусам медыкі і палітыкі і як ён расхістаў сусветную эканоміку?

368 чалавек цягам содняў памерлі праз каронавірус у Італіі пры агульнай колькасці смерцяў – 1 800. Дзеля параўнання – у вялізным Кітаі – смерцяў больш толькі на 40 %. Гэтаксама выглядае статыстыка інфікаваных у Італіі – плюс 3 590 асобаў цягам содняў. Фабрыц’ё Саля, віцэ-прэзідэнт Ламбардыі:

«Тут будзе створаны велізарны цэнтр для рэанімацыі. Дзеля жыхароў Ламбардыі, але і для ўсёй Італіі, бо мы зможам лекаваць тут вялікую колькасць інфікаваных. Патрэба ў інтэнсіўнай тэрапіі расце».

Італьянцы прызнаюць, што каранцін трэба было ўводзіць раней. Толькі ад 13 сакавіка мільёны дзяцей пакінулі школы. Не працуе паветранае, марское, наземнае спалучэнне, людзі выходзяць толькі па харчы і трымаюцца захадаў бяспекі. Раптоўнае пагаршэнне таксама ў Іспаніі і Францыі. Краіны трапілі ў дзясятку з найбольшаю колькасцю тых, хто заразіўся ды імклівым ростам смяротнасці ў апошнія содні. Жан-Люк Піг, жыхар Жуанвіль-ле-Пон:

«З заўтрашняга дня ўсе будуць сядзець дома, гэта крыху раздражняе. Далучаецца армія, таму з каранціну асабліва не вырвацца. Што ж, паспрабуем працаваць з дому, заставацца на пазітыве і выконваць правілы».

З Еўрапейскіх краінаў каронавірус атрымаў вялікі распаўсюд таксама ў Нямеччыне – заразіліся каля пяці тысяч чалавек, але смяротнасць значна ніжэйшая, чымся ў суседзяў – 12 асобаў. Кантроль на амаль усіх межах у раней адзінай зоне Шэнген. А ўнутры Брытаніі, якая па-за зонаю, найбольшая ўвага – да людзей, якім за 70 – урад раіць заставацца на хатнім каранціне да чатырох месяцаў. Што да рэшты захадаў – яны мякчэйшыя чымся ў іншых краінах Захаду. Частка грамадзянаў пратэстуюць, заклікаючы «сістэму ўзяць паўзу» – таксама забараніць масавыя сходы ды імпрэзы. Удзельнікі сённяшняга Мота-рэйсінгу кажуць «НЕ». Джо Бурдфілд, гоншчык з Брытаніі:

«Будзе смутна, калі ў людзей забяруць хобі. Спорт пад адкрытым небам – гэта не масавае мерапрыемства, таму няма неабходнасці яго адмяняць».

Сярод краінаў-суседак Беларусі, у Польшчы колькасць інфікаваных дасягнула 150, з іх 25 у гэты дзень. Трое асобаў памерлі, а 13 ідуць на папраўку. Марыюш Каміньскі, міністр унутраных справаў Польшчы:

«Мы адаптавалі ў інфекцыйныя 19 шпіталяў, плюс 79 інфекцыйных аддзяленняў адкрытыя ў краіне, гатовыя прыняць 10 тысячаў пацыентаў».

Шэраг краінаў вяртаюць сваіх грамадзянаў з замежжа чартарнымі рэйсамі. Цэнтрабанкі Канады, Японіі, Швейцарыі, Еўрапейскі банк і Федэральны рэзерв ЗША спрабуюць ратаваць сусветную эканоміку. Гэтак у ЗША працэнтныя стаўкі па крэдытах апусціліся да нуля, каб падтрымаць гаспадаркі. Джэроўм Паўэл, Федэральная рэзервовая сістэма ЗША:

«Наступствы эпідэміі стрымліваюць эканамічную актыўнасць замежных эканомік. Гэта стварае цяжкасці для амерыканскіх вытворчасцяў-удзельніц сусветнага ланцугу паставак. Падзенне замежных эканомік будзе зніжаць наш экспарт. У крызісе таксама энергетычны сектар. Інфляцыйныя прагнозы – змяніліся на 2 %».

Хутка зніжаюцца фондавыя рынкі, губляюць стабільнасць – фінансавыя. Таннее нафта. Група еўрапейскіх экспертаў падлічыла, што краінам Еўразвязу давядзецца сёлета выдаткаваць каля 350 мільярдаў долараў на ліквідацыю наступстваў каранціну ў адзін месяц. Толькі ці аднаго будзе дастаткова?

Юлія Цяльпук, «Белсат»

Глядзі таксама