Сваякі затрыманых пра «справу баевікоў»: Гэта абсалютная хлусня


Штаб-кватэра праваабарончага цэнтру «Вясна» ледзь змясціла ўсіх журналістаў, якія прыйшлі на надзвычайную прэс-канферэнцыю сваякоў затрыманых у крымінальнай справе аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. Спіс, які няспынна абнаўляецца, цяпер налічвае 26 чалавек. Частка затрыманых – сябры колішняй арганізацыі «Белы легіён», якой ужо 15 гадоў не існуе. Таксама затрыманыя мінімум шэсць сяброў «Маладога фронту», разам з лідарам арганізацыі Змітром Дашкевічам.

«Гэта абсалютная хлусня»

«Мы валодаем толькі той інфармацыяй, якую даюць дзяржмедыі, гэта абсалютная хлусня, проста не хапае здаровай рэакцыі, каб патлумачыць увесь бруд, які ідзе патокам ад прэс-канферэнцыі КДБ. Вобшук у мяне ўдома праходзіў без маёй прысутнасці, я не ведаю хто там прысутнічаў», – зазначыла Наста Дашкевіч, жонка лідара «Маладога Фронту».

Яшчэ напярэдадні ўвечары Камітэт дзяржбяспекі распаўсюдзіў афіцыйную заяву з нагоды апошніх затрыманняў:

«Сканфіскаваную ў актывістаў «Белага легіёну» зброю планавалася выкарыстоўваць падчас вулічных акцыяў 25 сакавіка. Лідары «Белага легіёну» з гэтымі ж мэтамі мелі намер прыцягнуць актывістаў «Маладога фронту» на чале з Дашкевічам. Планавалася таксама прыбыццё баевікоў з Украіны».

Сваякі заяўляюць, што зброю падкінулі

Каб апраўдаць дзеянні сілавікоў, у якасці карцінкі па дзяржаўных тэлеканалах былі паказаныя кадры ператрусу ў кватэры Віктара Данілава, які ў адной з менскіх школаў выкладаў вайсковую падрыхтоўку. Ператрус цягнуўся 20 гадзінаў. На кадрах блізкія Данілава пабачылі тое, чаго ў іхнай кватэры не было.

«Я зразумела, што зʼявіўся адзін лішні пакунак, па форме нагадваючы стрэльбу або аўтамат», – дадала Юлія Букштановіч, нявеста Віктара.

Крымінал «шыюць» звычайным людзям

Высветлілася, што сярод затрыманых ёсць хлопец, пра якога раней нідзе нічога не паведамлялася. Іван Кавальчук, студэнт апошняга курсу БНТУ. Ягоны брат Аляксей распавёў, што хлопец ніколі не меў ніякага дачынення да дзейнасці «Белага легіёну» ці «Маладога фронту». Затое цікавіўся гісторыяй і займаўся дыгерствам – даследаваннем падземных камунікацыяў.

«Ніколі ні ў міліцыі не быў, нідзе не ўдзельнічаў, адвакат сказаў што дзела яму «шыюць» па «Беламу легіёну», ніякім актывістаў ён не зʼяўляецца», – сведчыць Аляксей Кавальчук.

Адвакаты літаральна прабіваюцца да затрыманых

КДБ у сваіх паведамленнях робіць акцэнт на дзвюх структурах – «Белым легіёне» і «Маладым фронце» і дзвюх асобах – Міраславу Лазоўскім і Змітру Дашкевічу. Да апошняга яшчэ нават не дапусцілі адваката. У сваю чаргу, адвакатка Лазоўскага з падабаронным сустрэлася. І цяпер мае намер падаць заяву на імя генпракурора. Найперш – каб абскардзіць дзеянні сілавікоў падчас затрымання. Па-другое – каб зафіксаваць, што на тэлеканалы былі дадзеныя нібыта аператыўныя здымкі з вобшуку машыны Лазоўскага, але на відэа апынуліся рэчы, якіх пры вобшуку не знайшлі і якія Міраславу не належаць.

Усё вырашыць Дзень Волі

Родныя затрыманых паводле крымінальнай справы аб падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў, кажуць што лёсы іхных блізкіх будуць наўпрост залежаць ад таго, як пройдзе заўтрашні Дзень Волі. Калі ўлады адмовяцца ад сілавога сцэнару, гэта дасць надзею і тым, чыіх блізкіх цяпер трымаюць у следчых ізалятарах.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum