Свабода, незалежнасць, космас! Галоўныя міжнародныя падзеі-2018


Гістарычнае рашэнне Патрыярха Канстанцінопальскага, мірная рэвалюцыя ў Арменіі, новыя крокі чалавецтва ў пакарэнні космасу – прыгадаем, чым нам запомніўся гэты год. Самыя значныя сусветныя падзеі 2018-га выбраў Аляксандр Папко.

Свая царква

«Гэты дзень увойдзе або ўжо ўвайшоў у гісторыю Украіны».

15 снежня 2018 года ў Кіеве прайшоў аб‘яднальны сабор, на якім была ўтвораная Праваслаўная царква Украіны. На Раство Патрыярх Канстанцінопальскі дасць новай царкве Томас – афіцыйнае пацверджанне самастойнасці. У кастрычніку Патрыярх Варфаламей адмяніў рашэнне 1686 года, якое падпарадкоўвала Кіеўскую мітраполію Маскоўскаму патрыярху.

Правал рэзідэнтаў

Атручванне расейскага шпіёна-перабежчыка і ягонай дачкі, здзейсненае ў Брытаніі расейскімі агентамі, здаецца, забіла апошні цвік у труну міжнароднага прэстыжу Крамля. Вялікая Брытанія, ЗША, Францыя і Нямеччына назвалі выкарыстанне баявога газу «Навічок» «яўным парушэннем Канвенцыі аб хімічнай зброі». З еўрапейскіх краінаў выслалі 157 расейскіх дыпламатаў. Інтэрнэт-выданні «The Insider» і «Bellingcat» хутка адшукалі сапраўдныя імёны агентаў – Аляксандр Мішкін і Анатоль Чапіга, якія хаваліся пад псеўданімамі Пятроў і Башыраў. Разам з гэтым журналісты выкрылі імёны яшчэ некалькіх дзясяткаў калег Пятрова і Башырава па шпіёнскім цэху. А «Навічок» расейскія лінгвісты прызналі словам года.

Рэжымы падаюць

70 адсоткаў галасоў на датэрміновых парламенцкіх выбарах атрымаў рух «Мой крок» прэм‘ера Арменіі Нікола Пашыньяна. Гэта стала канчатковай перамогай мірнай рэвалюцыі, якая адбылася ў Арменіі на пачатку траўня.

Усяго за месяц да гэтага падавалася, што Ерэван паўторыць шлях постсавецкіх аўтарытарных рэжымаў. Сэрж Саргсьян 10 гадоў кіраваў краінаю як прэзідэнт, а затым змяніў канстытуцыю, каб утрымліваць паўнату ўлады на пасадзе прэм‘ера. Народ выйшаў на плошчу.

Армянская рэвалюцыя стала яшчэ адным сведчаннем зменаў на постсавецкай прасторы, дзе аўтарытарныя лідары дзесяцігоддзямі застаюцца пры ўладзе, а Масква плоціць ім за лаяльнасць.

Вайна згасае?

З 14 да сямі тысячаў паабяцаў скараціць амерыканскі кантынгент у Сірыі ды Афганістане прэзідэнт ЗША. Доналд Трамп, прэзідэнт ЗША:

«Мы правядзем моцны, прадуманы і арганізаваны вывад войскаў ЗША з Сірыі. Вельмі прадуманы і вельмі арганізаваны. Адначасова мы захаваем прысутнасць ЗША ў Іраку, каб перадухіліць адраджэнне «Ісламскай дзяржавы».

Тым часам Армія Башара Асада пры дапамозе сваіх саюзнікаў з Расеі ды Ірану ўзяла пад кантроль большую частку краіны. За 8 гадоў вайна ў Сірыі забрала жыцці паўмільёна чалавек. Яшчэ пяць з паловаю мільёнаў пакінулі краіну. Асаду ўдаецца выйграць вайну, але ці зможа рэжым, які гэтую вайну распачаў, утрымаць мір?

На Марс!

Касмічная ракета шматразовага выкарыстання «Фолкан 9». Пад канец гэтага года яна даставіла на арбіту 64 невялікія спадарожнікі, а хутка, як заяўляе яе стваральнік Ілан Маск, будзе дастаўляць людзей на Міжнародную касмічную станцыю.

А так 26 лістапада радаваліся інжынеры НАСА, калі іхны дзіцёнак, марсаход «ІнСайт», паспяхова апусціўся на паверхню Чырвонай планеты. Апарат ужо выслаў на Зямлю запіс марсіянскіх вятроў. Але створаны апарат, каб даследаваць не толькі надвор’е, але і нетры Марсу. Яго праца наблізіць чалавецтва да высадкі на Чырвоную планету. У гэтым годзе космас стаў для нас бліжэйшым.

Аляксандр Папко, belsat.eu